«Белтэлекам» упершыню прыняў удзел у конкурсе «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» і адразу ж стаў яго лаўрэатам! Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў прайшла ў Мінскай гарадской ратушы 29 мая. Арганізатарамі конкурсу традыцыйна выступілі Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.
У гэтым годзе юбілейны, 25-ы па ліку конкурс, вызначыў 75 лепшых тавараў, у тым ліку 8 паслуг, прадстаўленых 35 арганізацыямі сталіцы. Усяго ў Беларусі па выніках 2025 года лаўрэатамі конкурсу прызнаны 329 тавараў, якія выпускаюцца 180 арганізацыямі. У Мінску мерапрыемства аб’яднала вядучыя прадпрыемствы, якія прадэманстравалі свае прадукты, тавары і паслугі калегам і пачэсным гасцям.
Узнагароду і дыплом пераможца генеральнаму дырэктару РУП «Белтелеком» Аляксандру Кендзе ўручыў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. У сваім прывітанні Уладзімір Кухараў падкрэсліў, што вынікі конкурсу гавораць пра тое, што калектывы арганізацый сур’ёзна папрацавалі над тым, каб стаць лепшымі:
– Гэта не простая задача: трэба вынаходзіць, прыдумваць і працаваць. Усё гэта патрабуе значных намаганняў, і афармленне вынікаў таксама з’яўляецца няпростай задачай. Але вы справіліся з ёй, таму што ў вашых калектывах працуюць сапраўдныя прафесіяналы – людзі, якія цалкам аддаюцца справе і не спыняюцца на дасягнутым. Яны заўсёды знаходзяцца ў пошуку, і гэта дае тыя вынікі, якія мы бачым сёння. Галоўная задача кожнага прадпрыемства – рабіць усё магчымае для таго, каб жыццё людзей станавілася больш камфортным і лепшым.
Кампанія «Белтэлекам» атрымала перамогу ў намінацыі «Паслугі насельніцтву» з двума рашэннямі: «Відэакантроль» і пакет паслуг «ЯСНА».
«Відэакантроль» – гэта сучасная сістэма для кругласутачнага відэаманіторынгу. Доступ да камер даецца праз мабільнае прыкладанне або web-партал, а даныя надзейна захоўваюцца ў воблаку. «Відэакантроль» прапануецца «пад ключ» – ад праектавання да ўстаноўкі абсталявання і тэхнічнай падтрымкі.
«ЯСНА» – пакеты паслуг з высакахуткасным безлімітным інтэрнэтам, лічбавым тэлебачаннем і тэлефоннай сувяззю, з магчымасцю падключаць дадатковыя опцыі. У 2026 годзе брэнд «ЯСНА» адзначыў сваё дзесяцігоддзе і працягвае актыўна развівацца, захоўваючы высокую якасць і комплексны падыход да аказання паслуг.
Ганарымся высокай адзнакай і шчыра дзякуем усім абанентам за давер!