Напярэдадні прафесійнага свята, Дня аўтамабіліста і дарожніка, 46 вадзіцеляў РУП «Белтэлекам» удастоены нагруднага знака «За працу без аварый», 15 з іх атрымалі ўзнагароду I ступені.
Дзень аўтамабіліста і дарожніка штогод адзначаецца ў апошнюю нядзелю кастрычніка. Сёлета нашы калегі-вадзіцелі будуць прымаць віншаванні 25 кастрычніка.
Па традыцыі да святочнай даты Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь узнагароджвае лепшых прадстаўнікоў прафесіі за працу без дарожна-транспартных здарэнняў і парушэнняў правілаў дарожнага руху. Нагрудны знак «За працу без аварый» мае дзве ступені і ўручаецца: за безаварыйны стаж працы кіроўцам не менш 5-цi гадоў - II ступені; не менш 8-мi гадоў - I ступені. Прыемна адзначыць, што нашы калегі заўсёды ў ліку ўзнагароджаных. За апошнія 10 гадоў гэтай ганаровай узнагароды ўдастоены 402 кіроўцы РУП «Белтэлекам», з іх 133 – першай ступені.
Віншуем усіх вадзіцеляў з прафесійным святам! Ваша майстэрства і высокі прафесіяналізм – заклад дакладнай і зладжанай працы, аператыўнага вырашэння пастаўленых задач. Дзякуем Вам за адказнасць і адданасць сваёй справе. Вы надзейнае злучнае звяно ў нашым вялікім калектыве!
Жадаем моцнага здароўя, выдатнага настрою, поспехаў у працы і, вядома, зялёнага святла на дарогах!