7 мая ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. Напярэдадні і ў дзень прафесійнага свята прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, цэнтральнай падзеяй якіх стала ўзнагароджанне лепшых спецыялістаў.
Галіновая святочная сустрэча прайшла 6 мая ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў. Яна аб’яднала каля 600 чалавек: кіраўнікоў, супрацоўнікаў, профактыў і ветэранаў арганізацый сувязі. З прафесійным святам прысутных павіншавалі Міністр сувязі і інфарматызацыі Кірыл Залескі і старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў лічбавага развіцця і сувязі Аляксандр Якаўлеў.
7 мая ўрачыстае мерапрыемства адбылося ў кампаніі «Белтэлекам». Генеральны дырэктар прадпрыемства Аляксандр Кенда асабіста павіншаваў калег і ўручыў заслужаныя ўзнагароды лепшым супрацоўнікам.
– Сёння сувязь – гэта не проста магчымасць камуніцыраваць. Гэта падмурак якасці жыцця і драйвер усіх бізнес-працэсаў, – падкрэсліў Аляксандр Кенда. – Нашы тэхналогіі інтэграваныя ва ўсе сферы эканомікі і ствараюць трывалую аснову для інавацый будучыні. Наша мэта – быць надзейным тэхналагічным партнёрам для кожнага чалавека, бізнесу і дзяржавы. Усе дасягненні прадпрыемства – гэта ваша энергія, адказнасць і гатоўнасць працаваць у рэжыме 24/7. Дзякую кожнаму з вас за шчырую цікавасць да справы і адданасць нашай прафесіі!
Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас ветэранаў прадпрыемства. Генеральны дырэктар таксама павіншаваў калектыў з надыходзячым Днём Перамогі – вялікім святам, якое аб’ядноўвае пакаленні.
Да віншаванняў далучыўся старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі РУП «Белтэлекам» Андрэй Гендэль, які падзякаваў калегам за высокі прафесіяналізм і актыўную жыццёвую пазіцыю.
Ключавое месца ў праграме заняла цырымонія ўзнагароджання лепшых супрацоўнікаў. Нагруднага знака «Ганаровы работнiк сувязi Беларусi» ўдастоены тры супрацоўнікі прадпрыемства. Ганаровай граматай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ўзнагароджаны два сувязісты, Падзякай Міністра – восем. У Кнігу Пашаны прадпрыемства ўнесены імёны трох работнікаў. Ганаровай граматай РУП «Белтэлекам» удастоены 23 супрацоўнікі, Падзяка генеральнага дырэктара аб’яўлена 45 прадстаўнікам калектыву. Асаблівым гонарам стала занясенне імёнаў 20 спецыялістаў прадпрыемства на Дошку Гонару РУП «Белтэлекам».
Не засталіся без увагі і грамадскія заслугі калектыву. Былі ўручаны «Прафсаюзны знак Пашаны» Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і пяць нагрудных знакаў «За заслугі» Беларускага прафсаюза работнікаў лічбавага развіцця і сувязі. Тры чалавекі адзначаны Падзякай і Ганаровымі граматамі галіновага прафсаюза; 13 работнікам аб’яўлена Падзяка, 11 узнагароджаны Ганаровай граматай першаснай прафсаюзнай арганізацыі РУП «Белтэлекам».
Завяршылася мерапрыемства яркім святочным канцэртам.
Ад усёй душы віншуем калег з заслужанымі ўзнагародамі! Жадаем невычэрпнай энергіі, новых прафесійных поспехаў і натхнення ў працы на карысць прадпрыемства і ўсёй галіны!
Больш фота з святочных мерапрыемстваў – у нашым Тэлеграм-канале. Падпішыцеся, каб быць у курсе!


