У апошнія дні сакавіка ў «Белтэлекаме» падвялі вынікі яшчэ трох абласных конкурсаў прафмайстэрства «Мантаж і эксплуатацыя валаконна-аптычных ліній электрасувязі». Прафесійныя спаборніцтвы, якія прайшлі ў Гродзенскім, Магілёўскім і Брэсцкім філіялах кампаніі, дапамаглі вызначыць сапраўдных майстроў сваёй справы.
Мэта любога прафесійнага конкурсу - гэта не толькі дэманстрацыя практычных навыкаў, але і знаёмства з самай паспяховай практыкай, абмен вопытам і ідэямі. І, вядома ж, кожны конкурс дае велізарны імпульс далейшаму прафесійнаму росту.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў конкурсу ў Гродзенскім філіяле звярнуліся галоўны інжынер Аляксандр Сянчыла і начальнік службы электрасувязі Валянцін Арцёмаў. Яны пажадалі прысутным поспехаў і выказалі ўпэўненасць, што назапашаныя за гады працы веды і ўменні дазволяць прадэманстраваць самыя высокія вынікі.
Пад пільным назіраннем журы канкурсанты выконвалі розныя практычныя заданні - ад мантажу аптычных канцавых кабельных прылад і аптычных муфт да вымярэнняў характарыстык валаконна-аптычных кабеляў і інш. Тут спатрэбіліся і вопыт, і спрыт, і майстэрства.
Пераможцамі конкурсу сталі Мікалай Соўца і Яўген Траццяк, Гродзенскі занальны вузел электрасувязі, Ленінскі лінейна-тэхнічны ўчастак. На другім месцы - Дзмітрый Куцько і Аляксандр Нядзвецкі, Смаргонскі занальны вузел электрасувязі. На трэцім - Павел Мінкевіч і Андрэй Масла, Лідскі занальны вузел электрасувязі.
У абласным этапе конкурсу прафесійнага майстэрства Магілёўскага філіяла РУП «Белтэлекам» прынялі ўдзел лепшыя работнікі лінейных службаў Крычаўскага, Асіповіцкага, Шклоўскага занальных вузлоў электрасувязі, Бабруйскага, Магілёўскага вузлоў электрасувязі і лінейна-тэхнічнага цэха галаўнога падраздзялення. Усяго за перамогу змагаліся 12 удзельнікаў.
У выніку ў катэгорыі да 28 гадоў лепшым стаў Андрэй Кірэйчанка, электрамеханік лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх прылад Бабруйскага кабельнага ўчастка, у катэгорыі старэй за 28 гадоў - Андрэй Самойлаў, кабельшчык-спайшчык 7-га разраду Магілёўскага кабельнага ўчастка лінейна-тэхнічнага цэха.
У Берасцейскім філіяле конкурс прафесійнага майстэрства аб'яднаў прадстаўнікоў занальных вузлоў электрасувязі: кабельшчыкаў-спайшчыкаў, электраманцёраў лінейных збудаванняў сувязі і праваднога вяшчання, электрамеханікаў, інжынераў.
- У Брэсцкім філіяле працуюць выдатныя спецыялісты, і гэты конкурс дапаможа выявіць лепшых, - упэўнены галоўны інжынер філіяла Генадзь Говін. - Заданні будуць складанымі, бо конкурс закліканы не толькі ацаніць узровень прафесійнай падрыхтоўкі, але і ўдасканаліць веды, навыкі, майстэрства, абмяняцца вопытам.
Традыцыйна конкурс складаўся з двух этапаў: практычнага і тэарэтычнага, які ўключае акрамя ведаў тэхналогіі мантажу і вымярэнняў, яшчэ і веды па ахове працы.
Перамагла ў абласным конкурсе каманда Брэсцкага ЗВЭС. Другое месца - у прадстаўнікоў Пінскага ЗВЭС. Бронзавым прызёрам стала каманда Баранавіцкага ЗВЭС.
Віншуем усіх пераможцаў і прызёраў, жадаем далейшых прафесійных поспехаў і ўдалых выступленняў на рэспубліканскім конкурсе!