Каманда «ЯСНАе ТV» прыняла ўдзел у чэмпіянаце па колцы дроў сярод журналістаў

Другі Чэмпіянат па колцы дроў сярод прадстаўнікоў СМI прайшоў у гэтыя выхадныя на беразе вадасховішча Вяча. На спаборніцтвах сабраліся каманды з усіх рэгіёнаў Беларусі. Творчая група тэлеканала «ЯСНАе ТV» не засталася ўбаку і прыняла ўдзел у гэтай захапляльнай падзеі.

35 каманд, больш за 200 чалавек змагаліся за званне «наймацнейшых» у такой нялёгкай справе як колка дроў. Па-за конкурсам упершыню ўдзельнічала каманда кітайскага інфармацыйнага агенцтва «Сіньхуа». Усім трэба было пераадолець 5 этапаў: колка дроў мужчынская і жаночая, перасек бервяна, эстафета і самы відовішчны этап – колка па-Прэзідэнцку.

Канкурэнцыя была высокая. Але гэта не перашкодзіла прадстаўнікам тэлеканала «ЯСНАе ТV» дасягнуць добрых вынікаў. Жаночая палова нашай зборнай заняла 6 месца, колка дроў сярод мужчын – 21-е месца, перасек бервяна – 29-е месца, эстафета – 17-е месца, колка дроў па-Прэзідэнцку – 31-е месца. У выніковым камандным заліку «ЯСНАе ТV» заняло 22-е месца.

У гэтым годзе галоўны прыз дастаўся камандзе інфармацыйнага агенцтва «Ваяр». Чэмпіён узнагароджаны ганаровым дыпломам і сертыфікатам на сямейнае наведванне цэнтра экалагічнага турызму «Станькава», а таксама сякерай з асабістым подпісам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Мы віншуем пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў! Гэты чэмпіянат стаў выдатнай магчымасцю для каманды «ЯСНАе ТV» праявіць свае спартыўныя якасці і ўмацаваць дух калектыву. Жадаем усім удзельнікам далейшых поспехаў і новых дасягненняў у прафесійнай дзейнасці!

1

2

3

4