На пасаду генеральнага дырэктара рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства электрасувязі «Белтэлекам» прызначаны Аляксей Івашкін. 10 ліпеня міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Канстанцін Шульган прадставіў кіраўніка калектыву.
Канстанцін Шульган выказаў упэўненасць у паспяховай рабоце Аляксея Івашкіна на новай пасадзе, адзначыўшы яго фундаментальную адукацыю, тэхнічныя веды, вопыт міжнароднай дзейнасці і глыбокае разуменне развіцця галіны. Міністр таксама падкрэсліў, што сёння перад прадпрыемствам стаяць важныя задачы:
– «Белтэлекам» павінен стаць шматпрофільным аператарам, інтэгратарам лічбавых рашэнняў для эканомікі і насельніцтва, актыўна асвойваць новыя напрамкі, такія як штучны інтэлект, вялікія дадзеныя, тэхналогіі «разумнага горада», мабільная сувязь. Усё гэта – аснова для далейшага развіцця. Перакананы, што ініцыятыва кіраўніцтва і прафесіяналізм каманды «Белтэлекама» дазволяць дасягнуць усіх пастаўленых мэт, – рэзюмаваў кіраўнік Мінсувязі.
Аляксей Івашкін у сваю чаргу падзякаваў Канстанціну Шульгану за аказаны давер і звярнуўся да прысутных калег:
– «Белтэлекам» не проста найбуйнейшая тэлекамунікацыйная кампанія ў Беларусі, але і адзін з вядучых аператараў сувязі ў Еўропе. Калектыў валодае высокім патэнцыялам, і я ўпэўнены, што зладжаная праца каманды дазволіць нам не толькі захаваць лідарства, але і павысіць эфектыўнасць, аўтарытэт і імідж кампаніі.
У ліку асноўных прыярытэтаў працы Аляксей Івашкін назваў прадастаўленне паслуг на новым узроўні якасці, што, на яго думку, станоўча адаб'ецца на ўспрыманні брэнда «Белтэлекам» і дасць магчымасць стаць бліжэй да спажыўца.
Перспектывы кампаніі генеральны дырэктар таксама звязвае з развіццём сотавай сувязі: «Важна засяродзіцца на рэалізацыі ліцэнзіі, выдадзенай Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі, і заявіць аб сабе на рынку мабільнай сувязі». Пры гэтым кампаніі трэба інвеставаць у новыя тэхналогіі, каб заставацца ў авангардзе інавацый, развіваць кадравы патэнцыял і падвышаць дабрабыт супрацоўнікаў.
Аляксей Аляксандравіч Івашкін нарадзіўся ў г. Мінску ў 1982 годзе. Да назначэння генеральным дырэктарам РУП «Белтэлекам» кіраваў рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам па наглядзе за электрасувяззю «БелДІЭ».