Новы год – казачны час, якога з нецярпеннем чакаюць усе дзеці. Па добрай традыцыі ў гэтыя зімовыя дні «Белтэлекам» і філіялы прадпрыемства сумесна з прафсаюзнымі арганізацыямі ўдзельнічаюць у дзіцячых дабрачынных мерапрыемствах, наведваюць шматдзетныя сем'і і робяць усё магчымае, каб гэтыя святы сталі па-сапраўднаму чароўнымі і незабыўнымі для кожнага дзіцяці. Ва ўсіх кутках краіны нашы калегі падтрымліваюць самыя добрыя навагоднія акцыі «Нашы дзеці» і «Прафсаюзы – дзецям».
У гэтым годзе сувязісты разам з Дзедам Марозам наведалі ўжо некалькі дзіцячых устаноў, дзе правялі святочныя мерапрыемствы.
Намеснік дырэктара Магілёўскага філіяла Вадзім Філіпчанка і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Уладзімір Ківа з падарункамі і віншаваннямі наведалі Дзіцячы дом сямейнага тыпу. Дзеці падрыхтавалі для – гасцей навагодняе прадстаўленне з танцамі, вершамі і нават відэафільмам аб сваёй сям'і. Уладзімір Ківа таксама пабываў на навагоднім ранішніку ў Круглянскім цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Першасная прафсаюзная арганізацыя Гомельскага ЗВЭС павіншавала з Новым годам дзяцей з Веткаўскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, тут створаны ўмовы, максімальна набліжаныя да хатніх. Дзякуючы педагогам і выхавацелям, яны адчуваюць клопат і падтрымку, а самае галоўнае – вераць у тое, што ўсе іх мары абавязкова спраўдзяцца.
Навагоднія падарункі і цёплыя віншаванні ад Дзеда Мароза і пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі РУП «Белтэлекам» атрымалі выхаванцы Гарадзейскай дапаможнай школы-інтэрната. А прадстаўнікі Гродзенскага філіяла сталі гасцямі навагодняй праграмы ў Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем зроку.
Штогод старшыня ППА РУП «Белтэлекам» Алена Антульская і прадстаўнікі ўсіх філіялаў з радасцю прыязджаюць у госці да шматдзетных сем'яў. Адна з іх – сям'я электраманцёра Аршанскага ЗВЭС Аляксандра Зайцава. Аляксандр з жонкай Таццянай выхоўваюць пяць цудоўных дзетак. За салодкім сталом яны расказалі аб сваіх поспехах у спорце і вучобе, захапленнях і марах. Дарэчы, у «Белтэлекаме» – 500 шматдзетных сем'яў, а ў 20 з іх выхоўваюцца пяць і больш дзяцей!
Навагоднія дабрачынныя акцыі працягваюцца. Радасць, усмешкі і шчаслівыя вочы дзяцей – самы галоўны падарунак для нас, дарослых.