У «Белтэлекаме» вызначаны лепшыя мантажнікі валаконна-аптычных ліній сувязі

У Гомелі адбыўся рэспубліканскі этап карпаратыўнага конкурсу прафесійнага майстэрства «Мантаж і эксплуатацыя валаконна-аптычных ліній электрасувязі – 2022». Чатыры дні, з 31 мая па 3 чэрвеня, тэхнічныя спецыялісты ўсёй рэспублікі змагаліся за званне найлепшых у сваёй прафесіі.

Правядзенню рэспубліканскага конкурсу папярэднічалі абласныя этапы, дзе выбіраліся наймацнейшыя супрацоўнікі кожнага рэгіёна, таму канкурэнцыя ў фінале была высокая. За пераможныя месцы змагаліся 7 каманд, у кожнай з якіх – два ўдзельнікі. У конкурсе сустрэліся інжынеры і электрамеханікі лінейных збудаванняў сувязі, электраманцёры і кабельшчыкі-спайшчыкі. У барацьбе за перамогу ім трэба было прадэманстраваць свае тэарэтычныя і практычныя веды і навыкі. Ліквідацыя пашкоджанняў, мантаж валаконна-аптычных ліній сувязі і многае іншае выконвалі ўдзельнікі на конкурсе.

У выніку прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам. Перамогу атрымала каманда Брэсцкага філіяла РУП «Белтэлекам» у складзе: Ігар Мілеўскі, інжынер лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх устройстваў, і Сяргей Макараў, электраманцёр лінейных збудаванняў сувязі і праваднога вяшчання Брэсцкага ЗУЭС. Другое месца дасталася камандзе філіяла «Мінская гарадская тэлефонная сетка» і яе ўдзельнікам Аляксею Петрашэўскаму, інжынеру ЛСС і АУ, і Алегу Грыбу, кабельшчыку спайшчыку 6 разраду. На трэцім месцы – Сяргей Асадчы і Уладзімір Ганчароў, электрамеханікі лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх прылад УЭіР ГТС Гомельскага філіяла.

Узнагароды пераможцам уручыў намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях РУП «Белтэлекам» Андрэй Жаркевіч. Андрэй Рамуальдавіч падзякаваў усім прысутным за ўдзел у конкурсе, адрасаваў пераможцам свае віншаванні і словы падзякі за майстэрства, пажадаўшы далейшых прафесійных поспехаў.

Віншуем каманды з заслужанай перамогай! Жадаем не спыняцца на дасягнутым, працягваць развіваць свае здольнасці і дасягаць новых вышынь.