У «Белтэлекаме» прайшоў адзіны дзень інфармавання

11 лістапада ў РУП «Белтэлекам» адбыўся адзіны дзень інфармавання на тэму "Выбары - 2019». У фармаце відэа-і аудыяканферэнцыі да мерапрыемства далучыліся ўсе падраздзяленні прадпрыемства.

 

З дакладам выступіў Дзмітрый Шаўцоў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання - намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах, старшыня Мінскай гарадской выбарчай камісіі.

 

У сваім выступе ён распавёў аб выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання, якія адбудуцца 17 лістапада 2019 года. Спікер падкрэсліў, што на выбарах любога ўзроўню ключавая роля адводзіцца выбаршчыкам. Галасуючы, неабыякавыя і актыўныя грамадзяне вызначаюць будучыню краіны.

 

Прысутныя таксама даведаліся аб развіцці інстытута парламентарызму ў Рэспубліцы Беларусь, ключавых напрамках дзейнасці Нацыянальнага сходу, аб парадку правядзення выбараў.

 

На заканчэнне сустрэчы спікер адказаў на ўсе пытанні аўдыторыі.

 

Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Парламентам з'яўляецца Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь. Гэта прадстаўнічы і заканадаўчы орган краіны, які складаецца з двух палат - Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Тэрмін паўнамоцтваў Парламента - чатыры гады. У складзе Палаты прадстаўнікоў - 110 дэпутатаў. Яны выбіраюцца грамадзянамі на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў можа стаць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 21 года.