Тэлеканал «ЯСНАе TV» прадставіць новы спартыўны праект «Ясна пра футбол»

23 сакавіка ў прамым эфіры тэлеканала «ЯСНАе TV» гледачы ўбачаць першы выпуск аналітычнай праграмы «Ясна пра футбол».

- «Ясна пра футбол» - гэта класічны агляд тура чэмпіянату Беларусі па футболе. Прэзентуючы тэлеканал, мы абяцалі, што «ЯСНАе ТV» не пакіне без увагі інтарэсы шматтысячнай аўдыторыі прыхільнікаў спорту. Ужо сёння свайго гледача на канале заваявалі футбольныя, хакейныя і кіберспартыўныя трансляцыі. І вось яшчэ адна добрая навіна - мы прадстаўляем новы праект для аматараў футбола, - кажа намеснік генеральнага дырэктара РУП "Белтэлекам" па камерцыйных пытаннях Сяргей Туромша. - Заўзятары атрымаюць яшчэ больш экспертных меркаванняў і каментароў. Акрамя гэтага, фармат праграмы прадугледжвае інтэрактыў з гледачамі. Спадзяюся, наша праграма аб'яднае ўсіх, хто жыве футболам!

Вядомы спартыўны журналіст Мікалай Хадасевіч разам з экспертам прадставяць падрабязны аналіз кожнага тура, што дазволіць тэлегледачу скласці поўную карціну таго, што адбываецца ў беларускім футболе. У эфіры таксама - інтэрв'ю з даматчавых і пасляматчавых канферэнцый, флэш-інтэрв'ю, самыя яркія моманты матчаў і многае іншае. Госцем першай праграмы стане экс-трэнер БАТЭ Алег Дулуб.

- У студыі мы будзем гаварыць пра тэндэнцыі развіцця футбола ў рамках чэмпіянату Беларусі, абмяркуем, чым адрозніваюцца каманды, разбярэмся, чаму здараецца тое, што ніхто не прагназаваў. Так, напрыклад, у першым туры ні адзін з лідэраў не здолеў дамагчыся перамогі! Мы разгледзім асобных футбалістаў - самых прыкметных і яркіх, - дзеліцца падрабязнасцямі новай праграмы Мікалай Хадасевіч. - Спадзяюся, гледачу наша праграма спадабаецца. «ЯСНАе TV» робіць вялікі акцэнт на паказ беларускага футбола. А цяпер, акрамя трансляцый і студыйных уключэнняў з матчаў, дадае яшчэ і самастойны інфармацыйна-аналітычны праект. Уключайцеся, будзем разам гаварыць аб нашым футболе!

Праграма «Ясна пра футбол» выйдзе ў эфір у 21-00. Заўзятары змогуць задаваць свае пытанні і падказваць цікавыя тэмы ў супольнасцi кампаніі «Белтэлекам» у сацсетцы «Вконтакте». Самыя актуальныя вядучы Мікалай Хадасевіч абмяркуе ў студыі разам з экспертам.