«Белтэлекам» сумесна з калегамі зрабіў падарунак службе сацыяльнай абароны Нясвіжскага раёна

Нясвіжскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва атрымаў у падарунак ад РУП «Белтэлекам» і  СТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы» спецыяльна абсталяваны камфартабельны мікрааўтобус для перавозкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. На набыццё транспартнага сродку таксама была накіравана частка сродкаў, заробленых у гэтым годзе на раённым суботніку.

Ключы ад новага мікрааўтобуса ва ўрачыстай абстаноўцы супрацоўнікам службы сацыяльнай абароны перадалі Старшыня Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Ломскi, намеснік генеральнага дырэктара   РУП «Белтэлекам» Андрэй Заліўка, кіраўнік камерцыйнага дэпартамента  СТАА «МабільныяТэлеСістэмы» Мікалай Булаш.

Старшыня Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Ломскi выказаў упэўненасць, што «новы аўтамабіль будзе добрай падтрымкай сацыяльным работнікам, зробіць жыццё людзей яшчэ больш даступным і камфортным».

Намеснік генеральнага дырэктара РУП «Белтэлекам» Андрэй Заліўка падкрэсліў, што «Белтэлекам» як сацыяльна арыентаваная кампанія ўносіць свой уклад у агульную справу дапамогі грамадзянам, якія маюць патрэбу ў асаблівым клопаце. «Мы працягнем працу, накіраваную на ўсебаковую падтрымку, павышэнне камфорту і якасці жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі», - сказаў кіраўнік.

Аўтобус «Рэно Майстар АКтава» абсталяваны электрагідрапад'ёмнікам, зручнымі сядзеннямі і кандыцыянерам. У салоне таксама ёсць месцы для дзвюх інвалідных калясак. Дзякуючы функцыяналу новага аўто грамадзяне, якія маюць абмежаванні ў перамяшчэнні, звязаныя з узростам ці станам здароўя, змогуць павысіць сваю мабільнасць.

Набыты аўтамабіль дапаможа вырашаць самыя надзённыя праблемы пажылых людзей, інвалідаў, у тым ліку інвалідаў-калясачнікаў. Цяпер маламабільныя грамадзяне, якім цяжка пераадольваць нават невялікія адлегласці без старонняй дапамогі, змогуць больш аператыўна атрымліваць шырокі спектр паслуг тэрытарыяльнага цэнтра, наведваць паліклініку і іншыя аб'екты г. Нясвіжа і раёна.