«Белтэлекам» стаў другім аператарам зарадных станцый для электрамабіляў у Беларусі | Белтелеком

«Белтэлекам» стаў другім аператарам зарадных станцый для электрамабіляў у Беларусі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 снежня падпісаў Указ № 428, якім уносяцца змены ва Указ № 92 ад 12 сакавіка 2020 года «Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў».

«Белтэлекам» вызначаны другім аператарам па будаўніцтве і абслугоўванні зараднай інфраструктуры для электратранспарту. Гэта стратэгічна важны крок і для прадпрыемства, і для папулярызацыі экалагічнага транспарта ў нашай краіне.

Аляксей Івашкін, генеральны дырэктар РУП «Белтэлекам»:

– Мы атрымалі права развіваць сетку павольных зарадных станцый магутнасцю да 44 кВт. Цяпер зможам ахапіць яшчэ больш лакацый, асабліва ў жылых раёнах і месцах працяглай стаянкі. Гэта зробіць інфраструктуру больш даступнай і зручнай для нашых грамадзян, стымулюючы далейшы рост колькасці электрамабіляў на дарогах.

З 2022 года «Белтэлекам» паспяхова развівае гэты напрамак. Першая электразарадная станцыя (ЭЗС) Evika! была ўсталявана тры гады таму ў Пінску. Сёння сетка аб'ядноўвае ўжо больш за 250 ЭЗС па ўсёй краіне. "У нас ёсць неабходны вопыт і экспертыза для пашырэння геаграфіі і маштабавання праекта", – падкрэсліў генеральны дырэктар.

Для зручнасці карыстальнікаў працуюць сайт evika.by і вэб-дадатак Evika!

Развіццё сеткі зарадных станцый – гэта не толькі адказ на ўзрастаючы попыт, але і ўклад у нашу будучыню!