15 лістапада 1925 года ў 18 гадзін 30 хвілін у эфіры ўпершыню прагучалі словы, якія сталі легендарнымі: «Увага! Гаворыць Мінск!». З гэтага знамянальнага дня ў Беларусі пачалася эпоха радыёвяшчання, а радыёстанцыя РВ-10 імя Саўнаркама БССР пачала рэгулярна выходзіць у эфір.
За сто гадоў радыё прайшло каласальны шлях развіцця і стала не проста сродкам сувязі і камунікацыі, а часткай нашага жыцця. Не адно дзесяцігоддзе правадное радыё літаральна фармавала распарадак дня шматлікіх радыёслухачоў рэспублікі. Яго трансляцыі пачыналі раніцу бадзёрымі пазыўнымі і заканчвалі вечар радыёспектаклямі, якія збіралі ля прымача цэлыя сем'і.
З таго часу мяняліся тэхналогіі і абсталяванне. Эра праваднога радыё завяршылася, саступіўшы месца сучасным фарматам. Але галоўнае – любімыя радыёперадачы па-ранейшаму засталіся ў эфіры, змянілася толькі тэхналогія дастаўкі інфармацыі да насельніцтва.
Сёння радыёвяшчанне з'яўляецца адным з ключавых напрамкаў дзейнасці кампаніі «Белтэлекам» і, у прыватнасці, філіяла «Радыё, тэлебачанне і сувязь». Каманда філіяла бярэ на ўзбраенне самыя сучасныя тэхналогіі, каб традыцыйнае, любімае ўсімі радыё яскрава гучала ў новым, лічбавым фармаце. Унікальная структура філіяла, з падраздзяленнямі па ўсёй рэспубліцы, дае магчымасць ажыццяўляць эфірную трансляцыю тэлевізійных і радыёпраграм у кожным кутку Беларусі. У Беларусі працуюць 475 радыёперадавальнікаў, якія штодзень забяспечваюць эфір для мільёнаў слухачоў.
Да святочнай даты «Белтэлекам» прымеркаваў шэраг важных мерапрыемстваў. 14 лістапада найлепшыя работнікі атрымалі заслужаныя ўзнагароды ад Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Белтэлерадыёкампаніі, РУП «Белтэлекам» і філіяла «Радыё, тэлебачанне і сувязь». З векавым юбілеем работнікаў і ветэранаў кампаніі павіншавалі Міністр сувязі і інфарматызацыі Кірыл Залескі, генеральны дырэктар «Белтэлекама» Аляксей Івашкін, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў сувязі Аляксандр Якаўлеў, а таксама шматлікія калегі і партнёры.
15 лістапада на тэлеканале «ЯСНАе ТV» адбылася прэм'ера фільма, прысвечанага векавому юбілею радыё. Аўтары адзначылі найважнейшыя вехі гісторыі, а самае галоўнае – людзей, якія сваёй працай стваралі гэтую гісторыю! Пераходзіце па спасылцы – вас чакаюць успаміны ветэранаў, апавяданні калег і цёплыя віншаванні кіраўнікоў кампаніі.
18 лістапада ў Гісторыка-інфармацыйным цэнтры сувязі прайшла сустрэча ветэранаў радыёвяшчання са студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі. Маладыя людзі пазнаёміліся з унікальнымі архіўнымі дакументамі і рарытэтным абсталяваннем, а ветэраны падзяліліся асабістымі гісторыямі з прафесійнага жыцця.
19 лістапада на I Нацыянальным конкурсе «РадыёТрыумф» наша кампанія заснавала спецыяльную намінацыю «Радыё без межаў». Ганаровую ўзнагароду генеральны дырэктар РУП «Белтэлекам» Аляксей Івашкін уручыў «Радыё Мір». «Гэтая радыёстанцыя стала сапраўдным мастом паміж народамі, культурамі і пакаленнямі. На працягу многіх гадоў Радыё Мiр даказвае: сапраўдныя эмоцыі, любімая музыка і важныя навіны не ведаюць межаў! – падкрэсліў Аляксей Івашкін.
Віншуем з гэтай знамянальнай датай тэхнічныя і творчыя калектывы, якія адказваюць за надзейнае радыёвяшчанне і напаўняюць эфір жыццём і, вядома, шматмільённую аўдыторыю слухачоў!
З юбілеем, Беларускае радыё!
Больш навін і фота – у нашым тэлеграм-канале. Далучайцеся!



