26 лістапада завяршыўся маладзёжны хакатон па стварэнні стартапаў для разумных гарадоў. «Белтэлекам», які выступіў афіцыйным партнёрам мерапрыемства, падрыхтаваў для фіналістаў спецыяльныя прызы.
Больш за сто студэнтаў з шасці беларускіх і адной расійскай ВНУ распрацоўвалі інавацыйныя рашэнні для рэспубліканскага праекта. Стартапы ахапілі шырокі спектр напрамкаў: гарадская інфраструктура, транспарт, лагістыка, вялікія даныя і штучны інтэлект, зялёная эканоміка, інклюзіўнае асяроддзе і развіццё турызму.
Вітаючы ўдзельнікаў хакатона, намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Ганна Рабава падкрэсліла, наколькі важна прыцягваць моладзь да такой цікавай і перспектыўнай канцэпцыі, як разумны горад:
– Колькасць удзельнікаў кажа аб тым, што маладым людзям хацелася б жыць у разумных гарадах. Хто як не студэнты можа прыдумаць новыя лічбавыя сервісы!
Прарэктар па навуковай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Васіль Дуброўскі адзначыў, што стварэнне разумных устойлівых гарадоў з высокім узроўнем і якасцю жыцця – адзін з прыярытэтаў лічбавага развіцця Беларусі. На яго думку, «асноўная мэта хакатона –уцягнуць у перспектыўную тэматыку разумных гарадоў таленавітую моладзь з крэатыўнымі ідэямі і даць ім магчымасць рэалізаваць свае стартапы».
Праграма хакатона стартавала 8 кастрычніка і ўключала анлайн і афлайн-трэнінгі, лекцыі, персанальныя сустрэчы і кансультацыі з ментарамі. За гэты час каманды навучыліся генераваць ідэі, будаваць бізнес-мадэлі, ствараць прэзентацыі сваіх праектаў і шмат іншага.
Пасля стараннага адбору ў фінал выйшлі 43 удзельніка з 11 каманд. 26 лістапада фіналісты абаранілі свае праекты.
У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі Мінсувязі, Міжнароднага саюза электрасувязі, Парка высокіх тэхналогій, а таксама вядучых тэлекамунікацыйных аператараў і ІТ-кампаній Беларусі, уключаючы «Белтэлекам», «А1», «СувязьІнвест», beCloud і інш. Членам журы ад нашага прадпрыемства стаў Аляксандр Бандарэнка, намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій.
Эксперты вызначылі тры лепшыя ідэі для разумнага горада і пераможцаў спецыяльнай намінацыі. Лідэрамі хакатона сталі праекты SafeWay (БДПУ імя Максіма Танка), SearсHelper (БНТУ) і Разумныя урны (БНТУ).
SafeWay – гэта дадатак-карта для дзяцей з аўтызмам. SafeWay абсталявана галасавым памагатым і дазваляе бяспечна планаваць маршруты, усталёўваць напамінкі, выкарыстаючы фатаграфіі для навочнасці. Каманда SafeWay атрымала спецыяльныя прызы ад «Белтэлекам»! Аляксандр Бандарэнка, намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій нашай кампаніі, уручыў хлопчыкам і дзяўчынкам узнагароды.
Праект SearcHelper – персанальны лічбавы асістэнт, які дапамагае знаходзіць і аналізаваць інфармацыю з розных крыніц. Разумныя скрыні –інавацыйная сістэма маніторынгу запоўненасці смеццевых кантэйнераў. Датчыкі сігналізуюць аб неабходнасці ўборкі, што аптымізуе работу камунальных службаў і паляпшае якасць гарадскога асяроддзя.
Хакатон па стварэнні стартапаў для «разумных гарадоў» – рэспубліканскі праект, арганізатарамі якога выступілі Міжнародны саюз электрасувязі сумесна з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй сувязі пры падтрымцы Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.