База адпачынку "Любань"

На маляўнічае возера Любань (Кобрынскі раён), каля якога і знаходзіцца аднайменная база, варта ехаць за цішынёй і спакоем.

 

У трох драўляных доміках, якія размясціліся ў ляску каля берега, можна выбраць нумар па душы і патрабаваннях: двух-, трох- або чатырохмесны (кошт 1 сутак – 36310 рублёў з чалавека).  

 

Для самых патрабавальных у асобным корпусе ёсць нумар-люкс на чатыры персоны з усімі выгодамі (1 суткі – 160800 рублёў).


Вечар можна правесці ў прыемнай кампаніі ў саўне або на пікніку, прыгатаваць духмяны шашлык з сябрамі на абсталяванай для гэтых мэт пляцоўцы.

 

 

На базе ёсць спецыяльная пляцоўка для дзяцей.

 

 

Пасля таго як стомленасць развеяна моцным сном, можна размяць костачкі на спортпляцоўцы або тэнісным корце. Аматарам не вельмі актыўнага адпачынку прапаноўваецца пашавяліць звілінамі за шахматнай дошкай, пагуляць у більярд або папужаць азёрную рыбу плёскатам катамарана.

 

 

 

А ў выхадныя лепш за ўсё ўзяць напракат веласіпед і накіравацца ў вёску Дзівін, што за 3 км ад возера. Там знаходзяцца дзве старжытныя праваслаўныя царквы: Прачысценская (пачатак ХХ стагоддзя) і Параскева-Пятніцкая (XVIII стагоддзе), абедзве – помнікі архітэктуры. Тым, хто цікавіцца яшчэ больш старажытнай гісторыяй гэтага краю, раім наведаць археалагічныя помнікі на ўсходнім беразе возера: паселішча бронзавага веку, мезалітычныя і неалітычныя стаянкі.

 Падрабязную інфармацыю пра адпачынак можна атрымаць па тэлефонах: у Брэсце (8 0162) 22 12 61, Кобрыне (8 01642) 2 37 46, 2 37 75.