Сям’я – падмурак будучыні: «Белтэлекам» падтрымаў рэспубліканскі фестываль «Разам»

15–16 мая ў дзіцячым лагеры «Крынічка» прайшоў III рэспубліканскі сямейны фестываль «Разам», прызначаны да Дня сям’і і Года беларускай жанчыны. Традыцыйна арганізатарам маштабнага свята стаў Беларускі саюз жанчын, а партнёрам выступіла кампанія «Белтэлекам».

Сям’я гэта апора і падтрымка для кожнага чалавека. Якраз у сям’і закладваюцца асновы характару, перадаюцца традыцыі, любоў да Радзімы і павага да працы. Фестываль «Разам» ставіць сваёй мэтай умацаванне гэтых непахісных каштоўнасцей.

У гэтым годзе святочная пляцоўка ў «Крынічцы» ператварылася ў сапраўдны цэнтр стварэння і творчасці. Сустрэча аб’яднала 19 сямей, кожная з якіх прыехала, каб падзяліцца сваімі талентамі і цудоўным настроем.

Гасцей фестывалю прывіталі прадстаўнікі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Міністэрства адукацыі, Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці і іншыя пачэсныя госці.

Намеснік генеральнага дырэктара РУП «Белтэлекам» Сяргей Буйніцкі адзначыў:

Самае каштоўнае, што ёсць у чалавека, – гэта яго сям’я. І гэта аснова моцнай, незалежнай і працвітаючай дзяржавы. Упэўнены, што гэтыя два фестывальныя дні сем’і правялі з карысцю, зарадзіліся энергіяй, сілай і будуць успамінаць з цеплынёй.

Праграма фестывалю была максімальна насычаная: працавалі майстар-класы для дзяцей і дарослых, інтэрактыўныя пляцоўкі і забаўляльныя зоны. Кульмінацыяй стаў грандыёзны гала-канцэрт, падчас якога ўдзельнікі прадставілі свае вакальныя і харэаграфічныя нумары. Сярод сямейных калектываў на сцэне выступіла і сям’я нашай калегі, якая прадэманстравала яскравы, палымяны танец.

Два дні фестывалю падарылі ўдзельнікам памятныя эмоцыі і ўпэўненасць у тым, што дружная сям’я – гэта тое, што робіць чалавека шчаслівым, а краіну – моцнай!

Больш яскравых момантаў і фатаграфій з фестывалю у нашым тэлеграм-канале! Падпішыцеся!



Source URL: https://beltelecom.by/news/main/syamya-padmurak-buduchyni-beltelekam-padtrymau-respublikanski-festyval-razam