Памяць пра подзвіг жывая: цырымонія ўскладання кветак прайшла ля Мемарыяла воінам-сувязістам

У Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі і напярэдадні Вялікага Дня Перамогі ля Мемарыяльнага знака воінам-сувязістам па нязменнай традыцыі адбылася ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак. Мерапрыемства стала сімвалам глыбокай падзякі і павагі да тых, хто цаной уласнага жыцця забяспечваў жыццёва важную сувязь на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел кіраўнікі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь на чале з Міністрам Кірылам Залескім, прадстаўнікі галіновых арганізацый, выкладчыкі і студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, лідары прафсаюзных арганізацый, асабовы склад і ветэраны войск сувязі.

Генеральны дырэктар РУП «Белтэлекам» Аляксандр Кенда і старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі Андрэй Гендэль разам з калегамі аддалі даніну памяці і павагі героям-сувязістам, усклаўшы кветкі да мемарыяла.

Асаблівую ўрачыстасць мерапрыемству прыдалі выступленне аркестра 86-й брыгады сувязі і прысутнасць роты Ганаровай варты.

Подзвіг воінаў-сувязістаў назаўсёды застанецца ў нашай памяці як непахісная, бясцэнная спадчына, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. РУП «Белтэлекам» нязменна падтрымлівае ініцыятывы па захаванні гістарычнай праўды і памяці. Так, у мінулым годзе, напярэдадні 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, прадпрыемства ўдзельнічала ў стварэнні Алеі сувязістаў, якая стала яркім сімвалам вялікага подзвігу і пераемнасці пакаленняў.


Source URL: https://beltelecom.by/news/main/pamyac-pra-podzvig-zhyvaya-cyrymoniya-uskladannya-kvetak-prayshla-lya-memaryyala-voinam