«Белтэлекам» павіншаваў 300-тысячнага абанента паслугі «Відэакантроль»

«Белтэлекам» падключыў 300-тысячнага абанента паслугі «Відэакантроль». Юбілейным карыстальнікам стала жыхарка г. Рэчыцы Ірына Марціновіч.

Генеральны дырэктар РУП «Белтэлекам» Аляксей Івашкін і дырэктар Гомельскага філіяла Сяргей Дзям'янчык асабіста павіншавалі Ірыну, падзякаваўшы за давер і выбар паслуг кампаніі. Да віншаванняў далучыліся старшыня Рэчыцкага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Даўгалёў, в.а. генеральнага дырэктара Рэчыцкага райжылкамгаса Віталь Налегач і начальнік Рэчыцкага РАУС Віктар Пракапенка.

– «Белтэлекам» паспяхова працуе над стварэннем «разумнага горада» – прасторы, у якой з дапамогай лічбавых тэхналогій жыццё становіцца больш камфортным і бяспечным. «Відэакантроль» – важная частка гэтай інавацыйнай канцэпцыі, – падкрэсліў генеральны дырэктар РУП «Белтэлекам» Аляксей Івашкін. – На сённяшні дзень папулярнасць паслугі расце, і гэта сведчыць аб тым, што «Белтэлекам» рухаецца ў правільным кірунку, прапаноўваючы актуальныя і запатрабаваныя рашэнні.

 

Ірына Марціновіч даўно карыстаецца паслугамі кампаніі, але прызнаецца: не адразу паверыла ў тое, што стала юбілейным абанентам. Па словах Ірыны, «Відэакантроль» дапамагае ёй «не перажываць за тое, што адбываецца, сачыць за парадкам і ведаць, ці ўсё ў захаванасці». У падарунак ад «Белтэлекама» Ірына Марціновіч атрымала скідку 99 % на пакет паслуг «ЯСНА 200 SMART Відэакантроль» на працягу года, а таксама планшэт TCL 10 TabMax ад партнёра прадпрыемства «Адзінай гандлёвай кампаніі».

Ушанаванне абанентаў добрая традыцыя «Белтэлекама». У гэты дзень віншаванні таксама прымаў і першы абанент «Відэакантролю» ў Рэчыцкім раёне. Алена Мархач, якая падключыла паслугу пяць гадоў таму, і яе сям'я сталі ганаровымі гасцямі святочнага мерапрыемства і, канешне, атрымалі сувеніры ад кампаніі.

Аднак сюрпрызы на гэтым не скончылася: свой поспех кампанія «Белтэлекам» вырашыла падзяліць з усімі жыхарамі г. Рэчыцы. Генеральны дырэктар прадпрыемства Аляксей Івашкін уручыў старшыні Рэчыцкага райвыканкама Сяргею Даўгалёву сертыфікат на ўстаноўку сучаснай шматфункцыянальнай пляцоўкі для заняткаў варкаўтам. Сяргей Даўгалёў упэўнены, што «гэты праект дазволіць палепшыць гарадскую прастору, зрабіць яе больш камфортнай і сучаснай, а галоўнае прапагандаваць здаровы лад жыцця сярод насельніцтва Рэчыцы».

Дзякуем усім абанентам за давер і выбар паслуг кампаніі!

У 2021 годзе «Белтэлекам» ушаноўваў 100-тысячнага абанента паслугі «Відэакантроль», у 2023-м – 200-тысячнага, а сёння павіншаваў 300-тысячнага абанента. Паслуга запатрабавана ў гарадскіх дамах і прыватным сектары, на вытворчых пляцоўках і офісах. «Відэакантроль» падае кругласутачны доступ да інфармацыі з камер або да запісаў архіва. Праглядаць відэа можна на смартфоне, планшэце, а таксама ў асабістым кабінеце на my.beltelecom.by. «Белтэлекам» прапануе паслугу пад ключ, выконваючы ўсе работы па ўстаноўцы, падключэнні і падтрымцы абсталявання.

1

2

3


Source URL: https://beltelecom.by/news/main/beltelekam-pavinshavau-300-tysyachnaga-abanenta-paslugi-videakantrol