Прадстаўнікі «Белтэлекам» прымаюць удзел у семінары па лічбавым развіцці ў Мазыры

18-19 красавіка ў г. Мазыры праходзіць семінар, прысвечаны лічбаваму развіццю рэгіёнаў. Мерапрыемства арганізавана Беларускай дзяржаўнай акадэміяй сувязі ў супрацоўніцтве з Рэгіянальным аддзяленнем Міжнароднага саюза электрасувязі для краін СНД пры падтрымцы Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.

Мэта рэгіянальнай сустрэчы – садзейнічанне ўстойліваму лічбаваму развіццю і павышэнню прафесійных кампетэнцый. Прадстаўнікі «Белтэлекам» прэзентуюць удзельнікам мабільны дадатак «Мой горад», які ўжо паспяхова працуе і плануецца да запуску ў 66 гарадах Беларусі. У Гомельскай вобласці дадаткам карыстаюцца ў 7 гарадах, у тым ліку і ў Мазыры.

Удзельнікаў семінара віталі Міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган, намеснік старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Андрэй Канюшка, каардынатар праграм Рэгіянальнага аддзялення МСЭ Фарыд Нахлі, старшыня Мазырскага РВК Алена Паўлечка, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Андрэй Зяневіч.

Міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган:

– Падобныя форумы і семінары вельмі значныя для іміджу  IT-кірунку і папулярызацыі лічбавых тэхналогій у рэгіёнах. Лічбавізацыя напрамую ўплывае на развіццё ўсіх галін эканомікі, сацыяльнай сферы, закранае жыццё кожнага чалавека. Укараненне лічбавых рашэнняў – той трэнд, без якога немагчыма канкурэнтаздольнае развіццё ні адной краіны. Рэспубліка Беларусь паўнацэнна ўцягнута ў працэсы цыфравізацыі, больш за тое, у краіне пастаўлена амбіцыйная задача па пабудове IT-арыентаванай дзяржавы.

На працягу двух дзён прадстаўнікі Мінсувязі і вядучых арганізацый галіны будуць прэзентаваць «разумныя» рашэнні і ўжо гатовыя інавацыйныя прадукты для насельніцтва, бізнесу, эфектыўнага кіравання суб'ектамі гаспадарання. Эксперты раскажуць аб нарматыўнай прававой базе, якая рэгулюе пытанні лічбавага развіцця, парадку адбору і фінансавання праектаў і новых распрацоўках у лічбавай сферы.

Праца семінара пройдзе ў трох сесіях:

  • прававыя асновы дзяржаўнага рэгулявання рэгіянальнага развіцця;
  • рэалізацыя сістэмаўтваральных і інфраструктурных мерапрыемстваў лічбавага развіцця;
  • пілотныя і эксперыментальныя праекты лічбавага развіцця, уключаючы «разумны горад (рэгіён)».

Вынікі працы падвядуць 19 красавіка.


Source URL: https://beltelecom.by/news/main/pradstauniki-beltelekam-prymayuc-udzel-u-seminary-pa-lichbavym-razvicci-u-mazyry