У Быхаве адкрыўся мадэрнізаваны сэрвісны цэнтр «Белтэлекам»
Новы сэрвісны цэнтр, размешчаны ў г. Быхаве па вул. Савецкая, 5, прапануе палепшаны сервіс і камфортныя ўмовы для ўсіх наведвальнікаў.
15 сакавіка з яго працай азнаёміліся Міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган і Старшыня Быхаўскага райвыканкама Дзмітрый Марціновіч. Сувязісты правялі экскурсію для ганаровых гасцей і расказалі пра самыя запатрабаваныя паслугі.
Пасля мадэрнізацыі кліенцкая зала стала больш прасторнай і функцыянальнай. У сучасным памяшканні арганізаваны два працоўныя месцы для спецыялістаў, аформлена зручная вітрына, дзе можна вывучыць шырокі асартымент тавараў, даступных абанентам кампаніі ў растэрміноўку. Атрымаць кансультацыю і падключыць паслугі электрасувязі тут могуць і фізічныя асобы, і карпаратыўныя кліенты.
Трэба адзначыць, што мадэрнізацыя сэрвіснага цэнтра праводзілася з улікам стварэння безбар'ернага асяроддзя ў рамках праграмы «Даступнае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб». Аб'ект аснашчаны спецыяльным абсталяваннем, уключаючы інфарматары і табліцы Брайля, каб кожны чалавек мог адчуваць сябе камфортна і ўпэўнена. Цяпер усе зоны сэрвіснага цэнтра зручныя і даступныя, а спецыялісты гарантуюць наведвальнікам індывідуальны падыход і кваліфікаваную кансультацыю з улікам іх запытаў і патрэбнасцей.
– Абнаўленне сэрвіснага цэнтра спрыяльна адбілася і на калектыве. Калі супрацоўнікі бачаць утульнае памяшканне і зручныя працоўныя месцы, іх настрой паляпшаецца і ўзнікае жаданне працаваць яшчэ больш эфектыўна», – упэўнены Аляксандр Серакураў, начальнік Быхаўскага ўчастка электрасувязі.
У новым сэрвісным цэнтры можна падлучыць розныя паслугі электрасувязі – ад стацыянарнага тэлефона і тэлебачання ZALA да высакахуткаснага інтэрнэту. Асобай папулярнасцю ў Быхаўскім раёне карыстаюцца пакеты паслуг «ЯСНА» і сэрвіс «Відэакантроль». Акрамя таго, тут жа абаненты кампаніі могуць набыць тавары ў растэрміноўку да 24 месяцаў.
– У Год якасці абнаўленне сэрвіснага цэнтра асабліва актуальна. Спадзяемся, гэта паслужыць добрай нагодай, каб да нас часцей звярталіся кліенты і заўсёды заставаліся задаволены абслугоўваннем і высокай якасцю паслуг, – адзначыў Аляксандр Серакураў.
Запрашаем наведаць абноўлены сэрвісны цэнтр «Белтэлекам»!