«Белтэлекам» падвёў вынікі працы ў 2023 годзе
Медыябрыфінг з удзелам Міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі Канстанціна Шульгана і кіраўнікоў прадпрыемстваў сувязі прайшоў сёння ў сталіцы.
Міністр падвёў вынікі работы галіны ў 2023 годзе, асаблівую ўвагу ўдзяліў перспектывам далейшага развіцця сферы ІКТ у Беларусі.
Арганізацыі сувязі падзяліліся вынікамі года і прэзентавалі журналістам лічбавыя праекты. «Белтэлекам» прадставіў мабільны дадатак «Мой горад», паслугу «Відэакантроль» і іншыя перспектыўныя рашэнні.
Аб тым, якіх вынікаў дасягнула прадпрыемства, расказаў першы намеснік генеральнага дырэктара РУП «Белтэлекам» Генадзь Мельнікаў.
У 2023 годзе РУП «Белтэлекам» выкананы ўсе ключавыя паказчыкі, якія адлюстроўваюць развіццё прадпрыемства.
Асноўныя інвестыцыі накіроўваліся на рэалізацыю праектаў у рамках Дзяржаўнай праграмы «Лічбавае развіццё Беларусі» на 2021-2025 гады. У 2023 годзе па ўсёй краіне пабудавана больш за 7000 км валаконна-аптычных ліній сувязі (ВАЛС). Агульная працягласць сучасных ліній сувязі, якія эксплуатуе «Белтэлекам», склала каля 200 тыс. кіламетраў. Працягнулася будаўніцтва ВАЛС да малых населеных пунктаў з колькасцю хатніх гаспадарак ад 50 да 100. Падыходам па оптавалакне забяспечаны 82 працэнты такіх населеных пунктаў. У 2024-м прадпрыемства плануе выйсці на паказчык каля 90 %.
Больш за 130 тыс. абанентаў, якія пражываюць у індывідуальнай забудове і новых шматкватэрных дамах, атрымалі тэхнічную магчымасць падключыцца да тэхналогіі GPON. Агульная колькасць карыстальнікаў тэхналогіі GPON дасягнула 2,95 млн. Да мультысэрвісных сетак на 1 студзеня 2024 года падключана 3,77 млн. абанентаў.
Колькасць актыўных абанентаў шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт byfly склала 2,5 млн. У маі падключаны 2,5-мільённы абанент тэлебачання ZALA, на сённяшні дзень ужо больш за 2,53 млн гледачоў глядзяць ZALA. У кастрычніку зафіксаваны паўтарамільённы абанент пакетаў паслуг «ЯСНА», у гэтым жа месяцы ў лінейцы «ЯСНА» з'явіўся тарыфны план з рэкорднай хуткасцю інтэрнэту да 500 Мбіт/с.
Адным з прыярытэтаў прадпрыемства з'яўляецца развіццё надзейнай і даступнай сувязі ў самых аддаленых кутках. Дзякуючы мабільнай тэхналогіі LTE «Белтэлекам» падключае сучасныя сэрвісы там, дзе ёсць аб'ектыўныя цяжкасці з падвядзеннем стацыянарных ліній сувязі. Пакет паслуг на базе сеткі чацвёртага пакалення выбралі ўжо каля 2300 хатніх гаспадарак.
Расце папулярнасць паслугі «Відэакантроль». У мінулым годзе ўстаноўлена 50 тыс. відэакамер, а іх агульная колькасць перасягнула 150 тыс. Карыстаюцца паслугай больш як 270 тыс. абанентаў жылой забудовы і амаль 10 тыс. юрыдычных асоб. Попыт на «Відэакантроль» павялічваецца як сярод карпаратыўных кліентаў, так і сярод уладальнікаў гарадскіх кватэр і прыватных дамоў.
Мабільны дадатак «Мой горад», які сумесна развіваюць Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і «Белтэлекам», працуе ўжо ў 45 гарадах, уключаючы два абласныя цэнтры – Магілёў і Віцебск, яшчэ 18 гарадоў рыхтуюцца да запуску.
У бізнес-сегменце найбольш запатрабаванымі ў 2023 годзе па-ранейшаму з'яўляліся паслугі безлімітнага інтэрнэту, пакеты паслуг «Бізнес-кейс», «Відэакантроль». Для сваіх партнёраў «Белтэлекам» актыўна ствараў лакальныя вылічальныя сеткі, падключаў функцыянальную воблачную АТС.
Развівалася сетка электразарадных станцый Evika. Першую ЭЗС пад уласным брэндам прэзентавалі ў снежні 2022 года. За першы год сетка дасягнула 100 электразарадных станцый. «Белтэлекам» працягне ўсталёўваць ЭЗС у сталіцы і гарадах Беларусі, каб зрабіць зарадку даступнай для ўсіх уладальнікаў электрамабіляў.
У 2023 годзе значна павялічыўся асартымент тавараў, якія абаненты «Белтэлекама» могуць набыць у растэрміноўку. На выгадных умовах тэхніка даступная ў сервісных цэнтрах, інтэрнэт-краме, а таксама ў фірмовых кропках продажаў.
Тэлеканал «ЯСНАе ТV», заснавальнікам якога з'яўляецца «Белтэлекам», упэўнена заняў месца ў першай дзесятцы на платформе ZALA. Тэлеканал выходзіць у эфір з 2019 года. За гэты час ён прапанаваў гледачам 12 уласных праектаў.
У 2023 годзе выйшла першая навукова-папулярная кніга «Гісторыя электрасувязі Беларусі». У ёй упершыню прадстаўлены неапублікаваныя раней факты, дакументы і фатаграфіі, якія доўгі час захоўваліся ў архівах, музеях і прыватных фотаальбомах. На старонках выдання таксама знайшлі адлюстраванне ўспаміны тых, хто быў непасрэдным удзельнікам многіх знакавых для галіны падзей.
Яркім завяршэннем 2023 года стала адкрыццё флагманскага гандлёвага аб'екта «Белтэлекам» у ГЦ «Першы нацыянальны гандлёвы дом». У 2024 годзе плануецца адкрыць такія ж камфортныя і функцыянальныя лакацыі ва ўсіх абласных цэнтрах.
На сённяшні дзень колькасць паслуг, якія «Белтэлекам» прапануе сваім абанентам, набліжаецца да сотні. У 2024 годзе ўвага калектыву будзе сфакусіравана на ўкараненні інавацый, мадэрнізацыі і прасоўванні паслуг, удасканаленні сетак, прамысловай інфраструктуры і іншых напрамках. У Год якасці прадпрыемства ставіць задачу – працаваць у тым жа тэмпе, каб адпавядаць высокім стандартам, дастойным вядучага дзяржаўнага аператара электрасувязі.
Два філіялы «Белтэлекама» – «Мінская гарадская тэлефонная сетка» і «Міжгародняя сувязь» – у 2023 годзе занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару. Варта адзначыць, што МГТС ужо 10-ы раз, а «Міжгародняя сувязь» – чацвёрты раз удастоены такой высокай дзяржаўнай ацэнкі.