Каманда «Белтэлекама» заняла 2-е месца на Міжнародным чэмпіянаце высокатэхналагічных прафесій «Хайтэк-2022»

Завяршыўся Міжнародны чэмпіянат высокатэхналагічных прафесій «Хайтэк-2022», які праходзіў з 7 па 11 лістапада ў г. Екацярынбургу. Прадстаўнікі «Белтэлекама» выступілі паспяхова і занялі ганаровае 2-е месца, зусім крыху саступіўшы пераможцам!

У гэтым годзе ў спаборніцтвах бралі ўдзел 600 канкурсантаў і 500 экспертаў па 37 скразных і галіновых кампетэнцыях. Нашы спецыялісты - Алег Грыб і Аляксей Капытко - спаборнічалі ў намінацыі «Магістральныя лініі сувязі. Будаўніцтва і эксплуатацыя ВАЛП». За пераможныя месцы змагаліся 5 каманд: «Раскосмас», «Растэлекам», дзве каманды Маскоўскай ГТС і мы - «Белтэлекам».

Рыхтавацца да конкурсу нашы спецыялісты пачалі загадзя, хаця ў іх вялікі прафесійны вопыт - яны неаднаразова займалі прызавыя месцы ў абласных і рэспубліканскіх карпаратыўных конкурсах прафесійнага майстэрства. Кіраўнік каманды, вядучы інжынер аддзела эксплуатацыі камутацыйных сістэм і транспартных сетак упраўлення эксплуатацыі сістэм і сетак электрасувязі РУП «Белтэлекам» Уладзімір Шайбак увайшоў у склад групы экспертаў, якія ацэньваюць выкананне работ каманд падчас правядзення конкурсу.

У першы дзень чэмпіянату канкурсанты выконвалі ўваходны кантроль чатырох кабеляў, праектавалі схемы на камп'ютары, складалі пратаколы вымярэнняў і манціравалі ўмоўныя лініі. У наступныя дні - манціравалі аптычныя муфты і кросы, праводзілі кантрольныя аптычныя вымярэнні страт на зварных злучэннях, агульнага згасання і аптычных даўжынь.

Прымаючы ўдзел у міжнародным конкурсе «Хайтэк-2022», нашы тэхнічныя спецыялісты атрымалі бясцэнны вопыт, які будуць прымяняць у вытворчых працэсах на прадпрыемстве. На думку ўдзельнікаў, чарговы конкурс стаў важнай прыступкай у іх прафесійнай дзейнасці. Ён дазволіў абмяняцца найлепшымі ідэямі, пазнаёміцца з дасягненнямі калег з розных краін і, вядома, замацаваць свае веды.

Віншуем нашу каманду з заслужанай перамогай! Жадаем далейшай плённай працы і дасягнення новых вышынь!


Source URL: https://beltelecom.by/news/main/kamanda-beltelekama-zanyala-2-e-mesca-na-mizhnarodnym-chempiyanace-vysokatekhnalagichnykh