«Белтэлекам» удзельнічае ў Міжнародным чэмпіянаце высокатэхналагічных прафесій «Хайтэк-2022»
Прадстаўнікі «Белтэлекама» бяруць удзел у Міжнародным чэмпіянаце высокатэхналагічных прафесій «Хайтэк-2022», які праходзіць з 7 па 11 лістапада ў г. Екацярынбургу.
Першынства штогод аб'ядноўвае рабочых і інжынераў найбуйнейшых прадпрыемстваў, якія развіваюць вытворчыя стандарты, праводзяць мадэрнізацыю і тэхнічнае перааснашчэнне. У гэтым годзе ў спаборніцтвах бяруць удзел 600 канкурсантаў і 500 экспертаў па 37 скразных і галіновых кампетэнцыях.
У намінацыі «Магістральныя лініі сувязі. Будаўніцтва і эксплуатацыя ВАЛП» сваё майстэрства дэманструюць нашы калегі Алег Грыб, інжынер філіяла МГТС, і Аляксей Капытко, вядучы інжынер Мінскага філіяла. Суправаджае каманду эксперт - вядучы інжынер упраўлення эксплуатацыі сістэм і сетак электрасувязі Уладзімір Шайбак. Усяго за перамогу змагаюцца пяць каманд.
Перш чым трапіць на чэмпіянат, тэхнічныя спецыялісты ўдзельнічалі ў абласных і рэспубліканскіх карпаратыўных конкурсах прафесійнага майстэрства, дзе паказалі цудоўныя вынікі і занялі прызавыя месцы. Мантаж аптычных ліній сувязі, знаходжанне і ўстраненне пашкоджанняў, вымярэнне аптычных параметраў - гэтыя і іншыя працы нашы адмыслоўцы робяць хутка, якасна і прафесійна.
У першы дзень чэмпіянату канкурсанты выконвалі ўваходны кантроль чатырох кабеляў, праектавалі схемы на камп'ютары, складалі пратаколы вымярэнняў і манціравалі ўмоўныя лініі.
«Хайтэк» - гэта не проста прафесійны конкурс, а сапраўдная лабараторыя сучасных навыкаў і кампетэнцый. Конкурсныя заданні фарміруюцца на аснове актуальных запытаў прадпрыемстваў і накіраваны на аптымізацыю вытворчасці, працоўных месцаў, павышэнне якасці і прадукцыйнасці працы. Усё гэта дае магчымасць умацоўваць кадравы патэнцыял, забяспечваць хуткую падрыхтоўку і перападрыхтоўку з улікам усіх сучасных задач.
Супрацоўнікі «Белтэлекама» паспяхова выступалі на чэмпіянаце ў мінулыя гады. Так, у 2019 годзе наша зборная заняла другое месца, а ў 2018-м - трэцяе.
Спаборніцтвы працягваюцца! Хварэем за нашу каманду!
Больш фота і навін з чэмпіянату – ў нашым тэлеграм-канале. Падпішыцеся, каб быць у курсе!