Горад у смартфоне: мабільны дадатак «Мой горад (Беларусь)» працуе ў Лепелі

Лепель стаў пятым горадам Віцебскай вобласці і сёмым у краіне, дзе працуе мабільнае прыкладанне «Мой горад». Комплексны праект па аблічбоўцы гарадскіх паслуг і сэрвісаў распрацаваны Мінсувязі сумесна з «Белтэлекамам» і накіраваны на павышэнне камфорту і якасці жыцця гараджан.

Дзякуючы ініцыятыве мясцовай улады Віцебская вобласць стала лідэрам у прасоўванні платформы «Мой горад». Пілотны праект стартаваў у Полацку, на працягу года падключыліся Глыбокае, Орша, Браслаў. Сёння эстафету прымае выдатны азёрны край – Лепельшчына.

Міхаіл Кісялевіч, Старшыня Лепельскага раённага выканаўчага камітэта:

– Платформа «Мой горад» – чарговы важны этап цыфравізацыі рэгіёну. Сёння Лепельскі раён пазіцыянуецца як запаведны край, цэнтр устойлівага аграэкатурызму Рэспублікі Беларусь. Гісторыя, культура і геаграфічнае становішча робяць Лепельшчыну прывабнай і для жыхароў нашай краіны, і для турыстаў. Перакананы, што сучасныя тэхналогіі дапамогуць шырока прэзентаваць патэнцыял нашага краю і, вядома, павысяць эфектыўнасць і хуткасць узаемадзеяння паміж гарадской экасістэмай і насельніцтвам.

Мабільнае прыкладанне «Мой горад» – гэта практычны інструмент «разумнага горада». Пасля спампоўкі на смартфон гараджане атрымліваюць зручны доступ амаль да ўсёй мясцовай інфраструктуры. Тут размешчана інфармацыя аб большасці прадпрыемстваў і арганізацый. Усе яны згрупаваны ў асобных тэматычных модулях: гарадская адміністрацыя, дзяржаўныя арганізацыі, установы адукацыі і аховы здароўя, аб'екты гандлю, культуры і вольнага часу. Дзякуючы анлайн-сэрвісам у рэжыме рэальнага часу можна запісацца на прыём да кіраўніка арганізацыі, замовіць тавар ці паслугу, забраніраваць столік у рэстаране ці нумар у гасцініцы, выклікаць камунальную службу і шматлікае іншае. Таксама карыстачы прыкладання заўсёды будуць у курсе гарадскіх падзей дзякуючы навіннай частцы.

У напаўненні платформы могуць узяць удзел розныя суб'екты гаспадарання Лепеля і Лепельскага раёна. Для ўдзелу неабходна пакінуць заяўку на сайце: moygorod.by або звярнуцца ў сэрвісны цэнтр РУП «Белтэлекам»: г.Лепель, вул.Валадарскага, 72, тэл.: 802132-62032, 62036, marketlep_2@vitebsk.beltelecom.by.

Дадатак «Мой горад (Беларусь)» даступны для запампоўкі на Android і iOS.

Па статыстыцы першага года працы платформы самымі папулярнымі сталі анлайн-паслугі гарадскіх адміністрацый, школ, дзіцячых садоў і спартовых аб'ектаў. Карыстальнікі рэгістраваліся на прыём да кіраўніцтва, атрымлівалі кансультацыі і даведкі, запісвалі дзяцей на факультатывы, у гурткі і секцыі. Акрамя гэтага, запатрабаваны сэрвісы папярэдняга браніравання.


Source URL: https://beltelecom.by/news/main/gorad-u-smartfone-mabilny-dadatak-moy-gorad-belarus-pracue-u-lepeli