Перспектывы развіцця платформы «Мой горад» абмеркавалі на рэгіянальнай канферэнцыі ў Полацку

23 сакавіка «Белтэлекам» сумесна з Полацкім раённым выканаўчым камітэтам правялі рэгіянальную канферэнцыю, прысвечаную перспектывам развіцця лічбавай платформы «Мой горад». Падставы для мерапрыемства сімвалічныя: дадатку споўніўся год, а колькасць запамповак пераадолела знакавую мяжу ў 10 000!

У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі РУП «Белтэлекам» і Віцебскага філіяла прадпрыемства, намеснік старшыні Полацкага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Лейчанка і больш за 100 удзельнікаў, якія прадстаўляюць свой бізнес у дадатку. Галоўная мэта сустрэчы – падвесці вынікі працы і намеціць перспектывы далейшага прасоўвання унікальнага гарадскога рэсурсу.

З моманту рэлізу ў дадатку сталі даступныя самыя папулярныя гарадскія сэрвісы: амаль 200 кампаній і арганізацый зарэгістраваліся на платформе і прапанавалі свае паслугі палачанам. Сёння тут прадстаўлены дзяржаўныя органы і арганізацыі, у тым ліку гарадская адміністрацыя, установы адукацыі і аховы здароўя, аб'екты гандлю, культуры і вольнага часу. Больш за 40 модуляў змяшчаюць структураваную інфармацыю па відах дзейнасці. Рэалізаваны магчымасці анлайн-запісу на канкрэтныя дзень і час, анлайн-дастаўкі, браніравання, працуе кабінет аператара анлайн-паслуг.

Толькі карысная інфармацыя і зручны інтэрфейс – такую задачу ставілі перад сабой распрацоўшчыкі. Пры гэтым вялікая роля ў тым, што ўсяго за год дадатак стаў сапраўдным памочнікам гараджан, належыць адміністрацыі горада Полацка і актыўным карыстальнікам, якія накіроўвалі свае ідэі па яго паляпшэнні. На працягу года «Мой горад» абнаўляўся, пашыраўся яго функцыянал, дадаваліся новыя опцыі. Так, была рэалізавана магчымасць правядзення інтэрактыўных апытанняў, анлайн-аплаты, з'явіліся рубрыкі «Важныя навіны», «Зробім горад лепшым» і іншыя.

«Пастаянны рост колькасці карыстальнікаў і зацікаўленых арганізацый – галоўны стымул для далейшай сумеснай працы», – рэзюмавалі ўдзельнікі канферэнцыі.

Ініцыятыва распрацавана ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Лічбавае развіццё Беларусі» і накіравана на павышэнне камфорту і якасці жыцця гараджан. Старт пілотнаму праекту дадзены ў лютым 2021 года ў Полацку. На сённяшні дзень праект таксама працуе ў Глыбокім, Оршы, Пінску і Баранавічах.

Дадатак «Мой горад» можна спампаваць на Android і iOS.


Source URL: https://beltelecom.by/news/main/perspektyvy-razviccya-platformy-moy-gorad-abmerkavali-na-regiyanalnay-kanferencyi-u