Мабільны дадатак «Мой горад (Беларусь)» працуе ў Баранавічах!

У 2021 годзе пяць беларускіх гарадоў уключыліся ў інтэрактыўнае ўзаемадзеянне з гараджанамі на платформе «Мой горад (Беларусь)».

У апошнія дні снежня мабільны дадатак стаў даступны ў Баранавічах. Такі навагодні падарунак мясцовым жыхарам зрабілі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі сумесна з РУП «Белтэлекам» і Баранавіцкім гарадскім выканаўчым камітэтам.

Цяпер самыя запатрабаваныя сэрвісы аблічбаваны і даступныя літаральна ў адзін клік. Запуску прыкладання папярэднічала карпатлівая праца па яго напаўненню. Усе паслугі, якія аказваюць арганізацыі і прадпрыемствы, патрабавалася размясціць адпаведным чынам на платформе.

Дадатак змяшчае структураваную інфармацыю па відах дзейнасці і складаецца з набору тыпавых модуляў: анлайн-запіс, анлайн-дастаўка, кабінет аператара анлайн-паслуг. Тут прадстаўлены дзяржаўныя арганізацыі, установы адукацыі і аховы здароўя, аб'екты гандлю, культуры і вольнага часу.

Гараджане могуць запісацца на прыём да ўрача, даведацца пра рэжым работы магазінаў і спартыўных аб'ектаў, выклікаць аварыйную брыгаду, забраніраваць нумар у гасцініцы або столік у кафэ, запланаваць візіт у салон прыгажосці або на СТА. Дастаткова толькі спампаваць праграму.

У напаўненні платформы могуць дадаткова ўзяць удзел розныя суб'екты гаспадарання г. Баранавічы і раёна. Для ўдзелу неабходна пакінуць заяўку на сайце: moygorod.by або звярнуцца ў сэрвісны цэнтр РУП «Белтэлекам» у г. Баранавічы.

Прыкладанне можна спампаваць на Android і iOS.

«Мой горад» – гэта мабільнае прыкладанне, асноўная функцыя якога – інтэрактыўнае ўзаемадзеянне карыстальнікаў з гарадской інфраструктурай. Ініцыятыва распрацавана ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Лічбавае развіццё Беларусі» і накіравана на павышэнне камфорту і якасці жыцця гараджан. Старт пілотнаму праекту дадзены ў лютым 2021 года ў Полацку. На сённяшні дзень праект таксама працуе ў Глыбокім, Оршы, Пінску і Баранавічах.


Source URL: https://beltelecom.by/news/main/mabilny-dadatak-moy-gorad-belarus-pracue-u-baranavichakh