Горад у смартфоне: мабільнае прыкладанне «Мой горад» ужо працуе ў Пінску

Пінск стаў трэцім горадам у краіне і першым у Брэсцкай вобласці, дзе рэалізаваны сумесны праект Мінсувязі і «Белтэлекама» «Мой горад». Ініцыятыва распрацавана ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Лічбавае развіццё Беларусі» і накіравана на павышэнне камфорту і якасці жыцця гараджан.

Сёння Пінск упэўнена становіцца на шлях лічбавай трансфармацыі. Дзякуючы зацікаўленай пазіцыі Пінскага гарадскога выканаўчага камітэта, тут, у адным са старажытных населеных пунктаў Беларусі, рэалізуецца канцэпцыя «разумнага горада». Мабільнае прыкладанне «Мой горад» – яе практычны інструмент. Лічбавая платформа аб'ядноўвае самыя запатрабаваныя паслугі і дапамагае арганізаваць інтэрактыўнае ўзаемадзеянне карыстальнікаў з гарадскім асяроддзем – дзяржаўнымі арганізацыямі, установамі адукацыі і аховы здароўя, аб'ектамі гандлю, культуры і вольнага часу.

Намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы і камерцыйных пытаннях РУП «Белтэлекам» Сяргей Туромша:

- Прыемна адзначыць, што геаграфія нашага праекта пашыраецца. Галоўная задача, якую мы ставім перад сабой, - зрабіць рэсурс максімальна інфарматыўным, але пры гэтым простым і зразумелым у працы. Платформа ўвесь час развіваецца, удасканальваецца інтэрфейс, дадаюцца новыя опцыі. Прыкладанне ўжо выдатна зарэкамендавала сябе ў Полацку і Глыбокім, дзе ім карыстаюцца больш за 10 тысяч гараджан. Упэўнены, што і для жыхароў Пінска «Мой горад» стане запатрабаваным лічбавым памочнікам.

Першы намеснік старшыні Пінскага гарадскога выканаўчага камітэта Ірына Максімюк:

– Па сутнасці, укараненне мабільнага дадатку «Мой горад» у Пінску азначае пачатак вялікага лічбавага шляху. Наш горад з'яўляецца вядомым турыстычным цэнтрам, мае багатую гісторыю і культурныя традыцыі. А сёння, дзякуючы лічбавым тэхналогіям, ён становіцца яшчэ і цэнтрам інавацыйнага развіцця. З прыкладаннем «Мой горад» мы зможам шырока прэзентаваць свой патэнцыял і арганізаваць эфектыўную камунікацыю з грамадзянамі.

Падзеі горада, важныя навіны, акцыі, зніжкі, апытанні – дадатак акумулюе самую патрэбную інфармацыю. На рэсурсе прадстаўлены практычна ўсе арганізацыі раёна. Яны структураваны па відах дзейнасці: адміністрацыя горада, актыўны адпачынак і турызм, здароўе і спорт, адукацыя. Усяго – больш за 40 модуляў. Гараджане змогуць выкарыстоўваць прыкладанне, каб запісацца на прыём у гарадскі выканаўчы камітэт, дзяржустанову або школу, даведацца пра рэжым працы магазінаў і кафэ, выклікаць аварыйную брыгаду, запланаваць візіт у салон прыгажосці або на СТА.

Прыкладанне даступна для запампоўкі на Android і iOS.

У напаўненні платформы могуць узяць удзел розныя суб'екты гаспадарання Пінска і Пінскага раёна. Для ўдзелу неабходна пакінуць заяўку на сайце: moygorod.by або звярнуцца ў сервісны цэнтр РУП «Белтэлекам»: г. Пінск, вул. Заслонава, 15, тэл.: +375 165 610 130, pinsk-ypy@ruspns.brest.beltelecom.by .


Source URL: https://beltelecom.by/news/main/gorad-u-smartfone-mabilnae-prykladanne-moy-gorad-uzho-pracue-u-pinsku