Самая дынамічная гульня з мячом вяртаецца на адзін з самых спартыўных тэлеканалаў краіны!

Праграма «Ясна пра міні-футбол» разам з клубамі рыхтуецца да новага сезону на канале «ЯСНАе TV».

Яшчэ больш рэпартажаў, яшчэ бліжэй да каманд і гульцоў, яшчэ больш актыўна ў папулярызацыі каханай гульні сярод дзяцей! Новыя твары беларускага футзала, знакавыя персоны, аналітыка, адкрытыя інтэрв'ю і неймаверныя эмоцыі.

Чэмпіён, «Вітэн», захаваў асноўную абойму, выбарачна ўзмацніўся і яшчэ да старту турніру зноў выглядае фаварытам. Падобная сітуацыя і ў сярэбранага прызёра чэмпіянату, ВРЗ. А вось БЧ, наадварот, страціў шэраг лідэраў. Цікава, як трэнерскі штаб перабудаваў каманду.

Галоўным ньюсмейкерам лета стала «Сталіца». Клуб зноў памяняў вектар развіцця. З гэтага часу ў складзе будуць «запальваць» адразу тры бразільца - Барбазiння, Аўчыта і Эдзімар. Пазнаёмімся з кожным асобна!

Цікавае прызначэнне адбылося ў Гродна. Мясцовы клуб у гэтым сезоне будзе трэніраваць аўтарытэтны і тытулаваны Віктар Тарчыла. Не меншую цікаўнасць выклікае і ФК «Мінск», які ўзмацніў шэраг пазіцый якаснымі выканаўцамі.

Асобнай увагі заслугоўвае фармат турніру. У чэмпіянаце Беларусі сярод каманд Вышэйшай лігі згуляюць не 12, а 13 каманд. Пасля двухгадовага перапынку ў элітны дывізіён вяртаецца прадстаўнік Брэста, які ў гэтым сезоне будзе выступаць пад назвай «Першы рэгіён».

Чэмпіянат стартуе 18 верасня, але сезон адкрые матч за Суперкубак. Ён пройдзе 11 верасня ў Магілёве.

«Ясна пра міні-футбол», 2-гi сезон, стартуем ужо 7 верасня.

Кожны аўторак, у 21.00!


Source URL: https://beltelecom.by/news/main/samaya-dynamichnaya-gulnya-z-myachom-vyartaecca-na-adzin-z-samykh-spartyunykh-telekanalau