«Белтэлекам» прыняў удзел у свяце "Дзень беларускага пісьменства"

Кампанія «Белтэлекам» прыняла ўдзел у рэспубліканскім свяце «Дзень беларускага пісьменства». У гэтым годзе ён адзначаўся ў горадзе Бялынічы Магілёўскай вобласці. Вялікі творчы фестываль прайшоў ужо ў 27 раз і за гэтыя гады стаў значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі.

У аснову мерапрыемствf пакладзена жаданне захаваць духоўную спадчыну і лепшыя культурныя традыцыі. У праграме форуму - фестывалі кнігі і беларускай кухні, канферэнцыі, выставы, сустрэчы з літаратарамі і тэматычныя пляцоўкі.

Прадстаўнікі Магілёўскага філіяла РУП «Белтэлекам» таксама падрыхтавалі для гасцей цікавую праграму. Наведвальнікі фірмовага павільёна «ЯСНА» маглі атрымаць кансультацыю спецыялістаў па сучасных тэлекамунікацыйных паслугах, даведацца аб іх магчымасцях і характарыстыках. Вялікую цікавасць госці праявілі да паслуг « Разумны дом» і «Відэакантроль » .

Зарад станоўчых эмоцый падарыла пляцоўка для гульні ў хакей з мячом. Дзеці, моладзь і дарослыя з задавальненнем удзельнічалі ў імправізаваных спартыўных паядынках. Пераможцы атрымлівалі сувеніры ад «Белтэлекама».

Дзень беларускага пісьменства ўпершыню прайшоў у 1994 годзе. З тых часоў ён традыцыйна адзначаецца ў першую нядзелю верасня. Святы адбываюцца ў гарадах, якія з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.


Source URL: https://beltelecom.by/news/main/beltelekam-prynyau-udzel-u-svyace-dzen-belaruskaga-pismenstva