Прэм'ера на тэлеканале: «ЯСНАе TV» запускае новы аналітычны IT-праект
Тэлеканал «ЯСНАе TV» запускае новы аналітычны праект «У адкрытым доступе », прысвечаны IT-тэматыцы, свету інавацый, тэлекамунікацый і лічбавых тэхналогій.
Дату запуску перадачы стваральнікі абралі сімвалічную. 7 мая - Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. Першым удзельнікам праграмы стаў міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Канстанцін Шульган.
- Мэта праекта - папулярызацыя дасягненняў айчыннай IT-індустрыі і тэлекамунікацыйнай сферы, асвятленне асноўных тэндэнцый развіцця лічбавага грамадства, - распавядае Сяргей Туромша, намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях РУП «Белтэлекам». - Гледачы даведаюцца аб навінках галіны, перспектыўных сэрвісах, стартапах, здольных прынесці карысць і радавому спажыўцу, і краіне ў цэлым.
Аўтар і вядучы, вядомы журналіст Юрый Гроераў, дадае, што гэтыя тэмы блізкія кожнаму з нас:
- Высокія тэхналогіі імкліва змяняюць наша жыццё ўжо зараз і гатовыя мяняць будучыню. Усё, што гледачы хацелі даведацца пра гэта, але не ведалі, у каго спытаць, зараз «У адкрытым доступе». Кожны тыдзень будзем знаёміць з лідэрамі IT-галіны. Яны ўжо ведаюць, як мы будзем жыць заўтра. Цяпер будуць ведаць і ўсе гледачы тэлеканала.
Студыю праграмы наведаюць кіраўнікі найбуйнейшых тэлекамунікацыйных кампаній і ўстаноў адукацыі, вядомыя распрацоўшчыкі і стваральнікі папулярных стартапаў.
- Мы чакаем у госці прафесіяналаў лічбавага рынку, усіх у каго ёсць новы тэхналагічны прадукт або ідэя, - рэзюмуе Юры Гроераў.
Перадача «У адкрытым доступе» будзе выходзіць па чацвяргах у 21.00 з паўторам па аўторках у 9.00.