«Белтэлекам» абвяшчае пра запуск уласнага тэлеканала «ЯСНАе ТV»

Кампанія «Белтэлекам» адкрывае для сябе і сваіх абанентаў новую старонку – абвяшчае пра запуск уласнага тэлеканала «ЯСНАе ТV». «ЯСНАе ТV» – гэта пераўтвораны канал «Мінск TV», якi на працягу 7 год выходзіў у эфір.

На новым канале застануцца лепшыя фільмы і захапляльныя спартыўныя трансляцыі. Наперадзе – шмат планаў, задум і цікавых праектаў. Ужо зараз гледачы змогуць ацаніць новае афармленне канала, а зусім хутка творчая каманда прапануе і новую канцэпцыю.

«ЯСНАе ТV» даступна для прагляду 24 гадзіны ў суткі. Канал арыентаваны на шырокую аўдыторыю: глядач любога ўзросту, пола і прафесіі знойдзе для сябе штосьці цікавае. «Залаты фонд» мастацкага кіно і апошнія рэйтынгавыя стужкі, айчынныя і замежныя серыялы, мультыплікацыйныя, дакументальныя фільмы, спартыўныя матчы – мы сабралі ўсё самае лепшае, каб вы з карысцю бавілі час ля экрана тэлевізара.

У прамым эфіры «ЯСНАе ТV» пакажа абсалютна ўсе гульні Чэмпіянату Беларусі па футболе. Акрамя таго, у праграме - хакейныя гульні і іншыя спартыўныя спаборніцтвы. І толькі на нашым тэлеканале вы знойдзеце цікавыя паядынкі па кіберспорце.

Увесь кантэнт тэлеканала прадстаўлены ў фармаце FULL HD.

Назва для новай «кнопкі» запазычана ў аднаго з брэндаў «Белтэлекама» – «ЯСНА» (пакеты тэлекамунікацыйных паслуг). Мова вяшчання – беларуская і руская.

Спадзяёмся, што мы дададзім яснасці ў ваша жыццё і зробім яго яшчэ больш цікавым!


Source URL: https://beltelecom.by/news/main/beltelekam-abvyashchae-pra-zapusk-ulasnaga-telekanala-yasnae-tv