Прадстаўнікам РУП «Белтэлекам» уручаны медалі «За працоўныя заслугі»
1 ліпеня Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам працоўных калектываў. У ліку ўзнагароджаных медалём «За працоўныя заслугі» – начальнік Мядзельскага ўчастка электрасувязі Маладзечанскага ЗУЭС Мінскага філіяла РУП «Белтэлекам» Анатоль Малько і інжынер электрасувязі станцыйнай групы Докшыцкага ўчастка электрасувязі Глыбоцкага ЗУЭС Віцебскага філіяла РУП «Белтэлекам» Аляксандр Глінскі.
Урачыстая цырымонія прайшла ў Палацы Рэспублікі напярэдадні галоўнага дзяржаўнага свята – Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Раман Галоўчанка адрасаваў прысутным словы падзякі за працу і адданасць сваёй справе і адзначыў, што сёння ў краіне дынамічна развіваецца эканоміка, разам з ёй прамысловасць, сельская гаспадарка, ахова здароўя, адукацыя, навука і сфера інавацыйных тэхналогій, культура.
«Гаворачы пра багацце краіны, мы часта прадстаўляем усе гэтыя сферы. І сапраўды, нам ёсць чым ганарыцца. Аднак сапраўдная аснова дабрабыту любой нацыі – гэта яе людзі, самаахвярныя, працавітыя, сумленныя і верныя сваёй справе, такія, як прысутныя ў зале. у гэты знамянальны дзень мы з гонарам адзначаем менавіта ваш уклад у працвітанне нашай Радзімы. Кожны з вас – яркі прыклад таго, што ўпартая праца і самааддача прыносяць неабходныя вынікі і прызнаюцца на дзяржаўным узроўні», – падкрэсліў Прэм'ер-міністр.
Святочная сустрэча аб'яднала найлепшых прадстаўнікоў працоўных калектываў, якія працуюць у самых розных сферах і напрамках. Усіх іх адрознівае найвышэйшы прафесіяналізм, адказнае і добрасумленнае стаўленне да сваёй справы.
З высокай дзяржаўнай узнагародай Анатоля Малько і Аляксандра Глінскага павіншаваў першы намеснік генеральнага дырэктара РУП «Белтэлекам» Генадзь Мельнікаў. Генадзь Васільевіч падзякаваў калегам за шматгадовую добрасумленную працу, ініцыятыву і адданасць прафесіі.
Далучаемся да віншаванняў і ганарымся нашымі калегамі!
Інтэрв'ю з узнагароджанымі чытайце ў газеце «Звязда».