Срэбра! Каманда «Белтэлекама» заняла другое месца на міжнародным чэмпіянаце «Хайтэк-2023»

У Екацярынбурзе завяршыўся Міжнародны чэмпіянат высокатэхналагічных прафесій «Хайтэк-2023». Каля тысячы канкурсантаў і экспертаў змагаліся за перамогу ў 35 спаборніцкіх кампетэнцыях. Дзесяты раз пляцоўка конкурсу аб'яднала зваршчыкаў, электрамантажнікаў, тэхнікаў і іншых спецыялістаў.

Каманда «Белтэлекама» заняла 2-е месца ў намінацыі «Магістральныя лініі сувязі. Будаўніцтва і эксплуатацыя ВАЛП». Тэхнічныя спецыялісты Віцебскага філіяла «Белтэлекама» Уладзіслаў Багалідаў і Аляксей Харлампенка паспяхова справіліся з некалькімі этапамі спаборніцтваў і пацвердзілі статус прафесіяналаў найвышэйшага ўзроўню. Найбліжэйшымі сапернікамі «Белтэлекама» сталі каманды «Раскосмасу» і «Растэлекама».

Спаборніцкая частка чэмпіянату была максімальна адаптаваная да рэальных вытворчых умоў – усе практычныя заданні конкурсу засноўваліся на запытах прадпрыемстваў. Напрыклад, удзельнікам патрабавалася на хуткасць пракласці оптавалакновыя лініі рознай складанасці, знайсці і ўхіліць пашкоджанні кабеля і выканаць шмат іншых задач.

«Белтэлекам» на працягу шэрагу гадоў дэманструе на чэмпіянаце дастойныя вынікі. Гэта пацвярджае высокі ўзровень прафесіяналізму і тэхнічных навыкаў нашых удзельнікаў, а таксама іх здольнасць працаваць у камандзе і рашаць складаныя задачы. Капітан зборнай, вядучы інжынер упраўлення эксплуатацыі сістэм і сетак электрасувязі РУП «Белтэлекам» Уладзімір Шайбак адзначыў, што хлопцы сур'ёзна рыхтаваліся да конкурсу, таму былі ўпэўнены ў сваіх сілах і выступілі паспяхова. Удзел у чэмпіянаце даў новы вопыт, які будзе прымяняцца ў вытворчых працэсах на прадпрыемстве.

Віншуем каманду «Белтэлекама» з дастойным вынікам і жадаем новых прафесійных перамог. Ганарымся майстэрствам нашых калег!

1

2

3