Правілы аказання паслуг электрасувязі | Beltelecom

Правілы аказання паслуг электрасувязі

Выпіска з Правіл аказання паслуг электрасувязі, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 жніўня 2006 года № 1055 «Аб зацвярджэнні правіл аказання паслуг электрасувязі»

Парадак аказання паслуг прадастаўлення доступу да мясцовай тэлефоннай сеткі і мясцовага тэлефоннага злучэння

Да канцавых устройстваў, якія прымяняюцца ў сетцы стацыянарнай электрасувязі, адносяцца: тэлефонны апарат, факсімільны апарат, аўтаадказчык, мадэм або іншае ўстройства.

Канцавыя ўстройствы набываюцца абанентамі за свой кошт. Яны могуць таксама належаць аператару электрасувязі і прадастаўляцца абаненту ў часовае карыстанне.

Канцавыя ўстройствы з'яўляюцца часткай сеткі электрасувязі агульнага карыстання, разлічанай на сярэдні час заняцця абаненцкай лініі (для кватэрных абанентаў – сто сорак чатыры мінуты ў суткі, для абанентаў арганізацый – дзвесце восемдзесят восем мінут у суткі).

Па месцы ўстаноўкі канцавыя ўстройствы дзеляцца на на:

  • кватэрныя індывідуальнага карыстання – канцавыя ўстройствы, устаноўленыя ў асобнай кватэры (аднакватэрным жылым доме) або ў пакоі адной кватэры, жылыя памяшканні якой заселены некалькімі ўласнікамі і (або) на карыстанне такімі памяшканнямі заключаны асобныя дагаворы найму;
  • кватэрныя калектыўнага карыстання – канцавыя ўстройствы, устаноўленыя ў месцы, агульнадаступным для некалькіх наймальнікаў або ўласнікаў жылых памяшканняў кватэры (аднакватэрнага жылога дома);
  • устаноўленыя ў арганізацыях;
  • устаноўленыя ў адміністрацыйных будынках, збудаваннях, якія знаходзяцца ва ўласнасці фізічных асоб і выкарыстоўваюцца абанентам для мэт, звязаных з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці.
     

Канцавыя ўстройствы па прынцыпе ўключэння дзеляцца на:

  • асноўныя, уключаныя ў асобную абаненцкую лінію;
  • асноўныя, якія ўключаны па спаранай схеме ў адну агульную абаненцкую лінію і маюць розныя абаненцкія нумары;
  • паралельныя, якія ўстаноўлены ў розных кватэрах або пакоях адной кватэры, заселенай некалькімі наймальнікамі і (або ) уласнікамі, уключаны ў абаненцкую лінію асноўнага канцавога ўстройства і маюць адзін і той жа абаненцкі нумар;
  • паралельныя, устаноўленыя ў розных пакоях адной кватэры або адной арганізацыі, але ў адным будынку;
  • паралельныя, устаноўленыя ў адной арганізацыі ў розных будынках;
  • паралельныя, устаноўленыя ў розных арганізацыях;
  • аднабаковыя, устаноўленыя з выкарыстаннем таксафоннага нумара;
  • канцавыя ўстройствы бесправаднога доступу да сетак агульнага карыстання на аснове сродкаў тэлефоннай радыёсувязі;
  • канцавыя ўстройствы бесправаднога абаненцкага доступу.

Для атрымання паслугі  прадастаўлення доступу да мясцовай тэлефоннай сеткі  і адкрыцця абанемента фізічная або юрыдычная асоба перадае аператару электрасувязі пісьмовую заяву, форма якой устанаўліваецца аператарам электрасувязі.

Фізічная асоба пры падачы заявы аб аказанні паслугі прадастаўлення доступу да мясцовай  тэлефоннай сеткі прадастаўляе аператару электрасувязі  дакумент, які сведчыць асобу, і пры неабходнасці копію дакумента, які пацвярджае права на льготы, устаноўленыя актамі заканадаўства.

Непаўналетнія грамадзяне ва ўзросце да 14 гадоў падаюць такія заявы з пісьмовай згоды законных прадстаўнікоў.

Фізічная асоба, зарэгістраваная ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, у выпадку падачы заявы аб аказанні паслугі прадастаўлення доступу да мясцовай тэлефоннай сеткі, якая мяркуе ўстаноўку канцавога ўстройства ў адміністрацыйным будынку, збудаванні, якія належаць ёй на праве ўласнасці, для выкарыстання такога канцавога ўстройства ў мэтах, звязаных з ажыццяўленнем яе прадпрымальніцкай дзейнасці, прадастаўляе копію пасведчання аб яе дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і дакумент, які сведчыць асобу.

Прадстаўнік юрыдычнай асобы пры падачы заявы аб аказанні паслугі прадастаўлення доступу да мясцовай тэлефоннай сеткі прадастаўляе копію пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы, дакумент, які пацвярджае яго паўнамоцтвы, і дакумент, які сведчыць асобу.

Заява аб аказанні паслугі прадастаўлення доступу да мясцовай тэлефоннай сеткі рэгіструецца ў парадку, устаноўленым аператарам электрасувязі.

Заява аб аказанні паслугі прадастаўлення доступу да мясцовай тэлефоннай сеткі прымаецца ад аднаго з членаў сям’і наймальніка або ўласніка (калі жылыя памяшканні заселены некалькімі наймальнікамі або ўласнікамі – ад аднаго з членаў сям’і кожнага наймальніка або ўласніка).

На фізічную або юрыдычную асобу афармляецца абанемент. Асоба, на імя якой аформлены абанемент, з’яўляецца абанентам  мясцовай тэлефоннай сеткі.

Такі  абанент можа адкрыць на сваё імя адзін або некалькі  абанементаў.

Аператар электрасувязі ў тэрмін, які не перавышае адзін месяц з дня рэгістрацыі ім заявы аб аказанні паслугі прадастаўлення доступу да мясцовай тэлефоннай сеткі, паведамляе ў пісьмовай форме заяўніку  аб мяркуемым тэрміне афармлення абанемента, а пры адсутнасці тэхнічнай магчымасці прадастаўлення доступу да мясцовай тэлефоннай сеткі – аб нумары рэгістрацыі яго заявы.

Заява аб аказанні паслугі прадастаўлення доступу да мясцовай тэлефоннай сеткі здымаецца з уліку, калі заяўнік без уважлівай прычыны на працягу 30 дзён з даты атрымання ад аператара электрасувязі пісьмовага паведамлення (з паведамленнем аб яго ўручэнні) аб гатоўнасці да афармлення абанемента і заключэння дагавора не звярнуўся да аператара электрасувязі для заключэння дагавора або з заявай аб прадастаўленні адтэрміноўкі на афармленне абанемента.

<Пры рэгістрацыі заяўніка па новым месцы жыхарства ў межах аднаго населенага пункта або раёна чарговасць на афармленне  абанемента па новым адрасе ўстанаўліваецца з даты падачы заявы аб аказанні паслугі прадастаўлення доступу да мясцовай тэлефоннай сеткі гэтага заяўніка па ранейшым месцы жыхарства, калі гэта заява на дзень пераезду задаволена не была. У дадзеным выпадку права на захаванне чарговасці маюць як заяўнік, так і члены яго сям’і, якія пастаянна пражываюць з ім, у тым ліку і на момант падачы такой заявы.

Члены сям’і, зарэгістраваныя па месцы жыхарства заяўніка пазней за дату падачы ім заявы аб аказанні паслугі прадастаўлення доступу да мясцовай тэлефоннай сеткі, маюць права на захаванне чарговасці на афармленне абанемента па дадзенай заяве з моманту рэгістрацыі іх па гэтым адрасе.

Непаўналетнія члены сям’і заяўніка маюць права на захаванне чарговасці па дадзенай заяве пры дасягненні імі паўналецця.

Пры наяўнасці тэхнічнай магчымасці ў аператара электрасувязі заявы аб аказанні паслугі прадастаўлення доступу да мясцовай тэлефоннай сеткі  задавальняюцца ў наступным парадку чарговасці:
– арганізацыі аховы здароўя;
– арганізацыі дашкольнай, агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі;
–  гандлёвыя арганізацыі і арганізацыі сацыяльна-культурнага абслугоўвання насельніцтва;
– іншыя юрыдычныя асобы;
– фізічныя асобы, зарэгістраваныя ў якасці прадпрымальнікаў, пры падачы заявы  ў выпадку, указаным у частцы чацвёртай пункта 22 гэтых Правіл;

– фізічныя асобы – у зоне абслугоўвання адпаведнай аўтаматычнай тэлефоннай станцыі (далей – АТС) з улікам ільгот, устаноўленых актамі заканадаўства.

Адсутнасць свабоднай лінейнай ёмістасці, прызначанай для аказання паслугі прадастаўлення доступу да мясцовай тэлефоннай сеткі згодна з чарговасцю ў шматкватэрных дамах або аднакватэрным жылым доме, не з’яўляецца перашкодай для афармлення абанемента па такіх заявах,  якія паступілі пазней, у іншых шматкватэрных дамах або аднакватэрным жылым доме, у якіх маецца свабодная лінейная ёмістасць.

Без захавання чарговасці пры наяўнасці тэхнічнай магчымасці афармленне абанемента і заключэнне дагавора з фізічнымі асобамі ажыццяўляецца ў выпадках і парадку, прадугледжаных актамі заканадаўства.
Пры афармленні абанемента паміж аператарам электрасувязі і абанентам заключаецца дагавор.  

У ім указваюцца:

  • дата і месца заключэння дагавора;
  •  найменне аператара электрасувязі;
  • адрас і бягучы (разліковы) рахунак аператара электрасувязі;
  •  рэквізіты выдадзенай аператару электрасувязі адпаведнай ліцэнзіі;
  • звесткі аб абаненце (прозвішча, імя, імя па бацьку, даныя дакумента, які сведчыць асобу, – для фізічнай асобы,
  • найменне, месца знаходжання, бягучы (разліковы рахунак) – для юрыдычнай асобы;
  • адрас устаноўкі канцавога ўстройства, схема яго ўключэння і абаненцкі нумар;
  • згода (адмова)  абанента на доступ  да дадатковых відаў абслугоўвання электронных АТС;
  • згода (адмова) абанента на выкарыстанне звестак аб ім для ажыццяўлення даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання;
  • правы, абавязкі і адказнасць бакоў;
  • парадак, тэрміны і форма разлікаў; тэрмін дзеяння абанемента.

Для адкрыцця абанемента і заключэння дагавора заяўнікі – юрыдычная асоба і фізічная асоба, зарэгістраваная ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка (у выпадку, указаным у частцы чацвёртай пункта 22 гэтых Правіл), прадастаўляюць аператару электрасувязі копію пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі і копію дакумента, які пацвярджае права валодання або карыстання памяшканнем, у якім устанаўліваецца канцавое ўстройства, а таксама іншыя дакументы, неабходныя аператару электрасувязі для належнага выканання сваіх абавязацельстваў.

Для адкрыцця абанемента і заключэння дагавора заяўнік – фізічная асоба – прадастаўляе аператару электрасувязі  дакументы, указаныя ў частках другой і трэцяй  пункта 22 гэтых Правіл. Калі гэты заяўнік не зарэгістраваны па месцы ўстаноўкі  канцавога ўстройства, прадастаўляецца таксама копія дакумента, які пацвярджае права валодання, карыстання кватэрай (аднакватэрным жылым домам), пакоем.

З фізічнымі асобамі, якія пражываюць у адной кватэры (аднакватэрным жылым доме), што належыць ім на праве агульнай уласнасці, або на карыстанне жылымі памяшканнямі якой заключаны асобныя дагаворы найму, могуць быць залючаны дагаворы, паводле якіх прадугледжваецца ўстаноўка кватэрнага канцавога ўстройства калектыўнага або індывідуальнага карыстання.

З моманту афармлення абанемента і заключэння дагавора з адным з членаў сям’і астатнія зарэгістраваныя ў гэтай кватэры (аднакватэрным жылым доме) члены сям’і з’яўляюцца карыстальнікамі абаненцкага нумара, і заява аб аказанні паслугі прадастаўлення доступу да мясцовай тэлефоннай сеткі лічыцца задаволенай у адносінах да ўсіх зарэгістраваных у гэтай кватэры (аднакватэрным жылым доме).

Калі ўласнікам кватэры (аднакватэрнага жылога дома) з’яўляецца непаўналетні грамадзянін, афармленне абанемента  ажыццяўляецца на імя гэтага грамадзяніна з заключэннем ад яго імя дагавора законнымі прадстаўнікамі (калі грамадзянін не дасягнуў 14 гадоў) або самім непаўналетнім грамадзянінам ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў з пісьмовай згоды яго законных прадстаўнікоў.

Пераафармленне абанемента ажыццяўляецца ў выпадках:
– падачы абанентам заявы аб прадастаўленні права карыстання абаненцкім нумарам аднаму з членаў яго сям’і;
– смерці  абанента – на аднаго з членаў яго сям’і;
– змены абанентам прозвішча, імя, імя па бацьку; атрымання ў спадчыну кватэры (аднакватэрнага жылога дома), у якой устаноўлена канцавое ўстройства, набыцця па дагаворы дарэння, куплі-продажу, мены, рэнты або пажыццёвага яго ўтрымання;
– здачы, у тым ліку фізічнай асобай, у арэнду (субарэнду) памяшкання, у якім устаноўлена канцавое ўстройства, – з пісьмовай згоды абанента на час дзеяння дагавора арэнды (субарэнды);
– змены юрыдычнай асобай наймення або бягучага (разліковага) рахунку або рэарганізацыі юрыдычнай асобы на аснове паведамлення.

Тэрмін дзеяння абанемента ўстанаўліваецца дагаворам. Дзеянне абанемента спыняецца, а абанемент закрываецца пры:
– падачы пісьмовай заявы абанента;
– страце абанентам права валодання або карыстання памяшканнем, у якім устаноўлена канцавое ўстройства;
– невыкананні абанентам яго абавязкаў, прадугледжаных дагаворам і пунктам 185 гэтых Правіл;
– самавольнай перадачы абаненцкага нумара ў карыстанне іншай юрыдычнай або фізічнай асобе.

Работы па ўстаноўцы абаненцкіх разетак для падключэння канцавых устройстваў выконваюцца работнікамі аператара электрасувязі не пазней чым за 10 дзён пасля аплаты  абанентам кошту гэтых работ або ў тэрміны, узгодненыя з абанентам.

Абаненцкія разеткі набываюцца абанентамі за свой кошт.

Па заявах іншых уласнікаў і (або) наймальнікаў кватэры (аднакватэрнага жылога дома) з пісьмовай згоды абанента абанемент пераафармляецца ў калектыўнае карыстанне, і абаненцкая разетка перастаўляецца ў агульнадаступнае для ўсіх уласнікаў і (або)  наймальнікаў месца. У выпадку адмовы абанента ад пераафармлення абанемента ў калектыўнае карыстанне заявы астатніх уласнікаў і (або) наймальнікаў задавальняюцца ў адпаведнасці з пунктам 27 гэтых Правілаў.

Разведзеным мужу і жонцы незалежна ад таго, раздзелена жылое памяшканне (кватэра, аднакватэрны жылы дом) або не, абанемент пераводзіцца ў калектыўнае карыстанне, калі заява абанента аб аказанні паслугі прадастаўлення доступу да мясцовай тэлефоннай сеткі была задаволена ў перыяд знаходжання ў шлюбе. У дадзеным выпадку згода абанента не патрабуецца.

Для больш поўнага задавальнення патрэбы насельніцтва ў паслугах электрасувязі ўстаноўка асноўнага канцавога ўстройства ў кватэры (аднакватэрным жылым доме) можа ажыццяўляцца з уключэннем яго па спаранай схеме.

Пераключэнне канцавога ўстройства, уключанага ў асобную абаненцкую лінію, на работу па спаранай схеме дапускаецца толькі з пісьмовай згоды абанента. Пры гэтым уносяцца адпаведныя змены ў дагавор.

Кватэрныя канцавыя ўстройствы калектыўнага карыстання на работу па спаранай схеме не пераключаюцца.

Устаноўка паралельнага канцавога ўстройства да асноўнага канцавога ўстройства, уключанага ў асобную абаненцкую лінію, ажыццяўляецца з пісьмовай згоды абанента ў межах аднаго пад’езда шматкватэрнага дома або канцавога кабельнага ўстройства. Да канцавога ўстройства, уключанага па спаранай схеме, падключэнне паралельнага канцавога ўстройства не дапускаецца.

Паралельнае канцавое ўстройства выключаецца па заяве абанента асноўнага канцавога ўстройства.

Устаноўка аднабаковага канцавога ўстройства ажыцяўляецца ў адпаведнасці з гэтымі Правіламі. Пераключэнне аднабаковага канцавога ўстройства на асноўнае ажыццяўляецца па меры з’яўлення свабодных нумароў на АТС.

Пры рэгістрацыі абанента – фізічнай асобы па новым месцы жыхарства (змене месца знаходжання абанента – юрыдычнай асобы) у зоне дзеяння той самай АТС па яго заяве абаненцкі нумар пры наяўнасці свабодных ліній у кабелі на момант пераезду пераносіцца па новым месцы рэгістрацыі (месцы знаходжання) абанента на працягу месяца з дня падачы заявы.

Па сканчэнні месяца з дня выезду абанента аператарам электрасувязі вырашаецца пытанне аб афармленні абанемента на новых жыльцоў (юрыдычных асоб) або яго закрыцці.

Пры адсутнасці тэхнічнай магчымасці пераносу абаненцкага нумара дзеянне дагавора спыняецца, а афармленне абанемента былому абаненту па новым месцы рэгістрацыі (месцы знаходжання) ажыццяўляецца ў парадку чарговасці пададзенай заявы.

Пры выездзе абанента  з кватэры (аднакватэрнага жылога дома), якая належала яму на праве ўласнасці, за ім захоўваецца права карыстання абаненцкім нумарам, устаноўленым па дадзеным адрасе. Афармленне абанемента па новым месцы рэгістрацыі (месцы знаходжання) абанента ажыццяўляецца ў парадку чарговасці пададзенай заявы.

Пры выездзе з кватэры (аднакватэрнага жылога дома) былога мужа або былой жонкі абанемент афармляецца на таго з іх, хто застаўся пражываць у кватэры (аднакватэрным жылым доме), па яго (яе) заяве.

Калі былы муж або былая жонка выязджае з непаўналетнімі дзецьмі, абаненцкі нумар пры наяўнасці тэхнічнай магчымасці пераносіцца па яго (яе) новым месцы жыхарства.

Калі з кватэры (аднакватэрнага жылога дома) выязджаюць абое былыя муж і жонка, абаненцкі нумар пры наяўнасці тэхнічнай магчымасці пераносіцца на новае месца жыхарства таго з іх, хто выязджае з непаўналетнімі дзецьмі.

У выпадку выезду з кватэры (аднакватэрнага жылога дома) кожнага – і былога мужа і  былой жонкі – разам з непаўналетнімі дзецьмі абаненцкі нумар пры наяўнасці тэхнічнай магчымасці пераносіцца па месцы рэгістрацыі таго з іх, на чыё імя быў адкрыты абанемент.

Пры атрыманні ў спадчыну кватэры (аднакватэрнага жылога дома), у якой устаноўлена канцавое ўстройства, па пісьмовай заяве спадкаемца аб аплаце за карыстанне канцавым устройствам і дадатковымі паслугамі, аказанымі па дадзеным абаненцкім нумары, канцавое ўстройства захоўваецца ўключаным (або выключаным) на тэрмін афармлення дакументаў аб атрыманні ў спадчыну, але не больш чым на 9 месяцаў з даты адкрыцця спадчыны.

Пры набыцці кватэры (аднакватэрнага жылога дома), у якой устаноўлена канцавое ўстройства, па дагаворы дарэння, куплі-продажу, мены, рэнты або пажыццёвага ўтрымання па пісьмовай заяве набытчыка аб аплаце за карыстанне канцавым устройствам і дадатковымі паслугамі, аказанымі па дадзеным абаненцкім нумары, канцавое ўстройства захоўваецца ўключаным (або выключаным) на тэрмін не больш чым на тры месяцы з даты афармлення дагавора.

У выпадку атрымання ў спадчыну кватэры (аднакватэрнага жылога дома), у якой устаноўлена канцавое ўстройства, двума або больш спадкаемцамі абанемент афармляецца ў калектыўнае карыстанне ўсім спадкаемцам або ў індывідуальнае  карыстанне аднаму з іх з пісьмовай згоды іншых спадкаемцаў.

Калі адзін са спадкаемцаў не згодны на афармленне абанемента ў калектыўнае карыстанне, абанемент закрываецца, а заява разглядаецца ў адпаведнасці з гэтымі Правіламі.

Пры атрыманні ў спадчыну кватэры (аднакватэрнага жылога дома),  набыцці па дагаворы дарэння, куплі-продажу непаўналетнім грамадзянінам абанемент афармляецца на яго імя з заключэннем ад яго імя дагавора з законнымі прадстаўнікамі (калі грамадзянін не дасягнуў 14 гадоў) або самім непаўналетнім грамадзянінам ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў з пісьмовай згоды яго законных прадстаўнікоў.

Для афармлення дагавора, які прадугледжвае выкарыстанне канцавога ўстройства, устаноўленага ў кватэры (аднакватэрным жылым доме), набытай у парадку атрымання ў спадчыну, па дагаворы дарэння, куплі-продажу, заяўнік павінен прадаставіць аператару электрасувязі дакументы, якія пацвярджаюць права ўласнасці на дадзеную кватэру (аднакватэрны жылы дом).

Пры гэтым абанемент афармляецца на імя ўласніка кватэры (аднакватэрнага жылога дома) або з яго пісьмовай згоды на члена сям’і, зарэгістраванага па дадзеным адрасе.

У выпадку рэканструкцыі і тэхнічнага перааснашчэння аб’ектаў электрасувязі аператарам электрасувязі можа ажыццяўляцца замена раней выдадзеных абаненцкіх нумароў без згоды абанентаў. Прычыны замены абаненцкага нумара, новы абаненцкі нумар і дата замены паведамляюцца абаненту не пазней чым за 30 дзён да пераключэння.

Пры правядзенні планавых пераключэнняў абаненцкіх нумароў у сродках масавай інфармацыі загадзя размяшчаюцца аб’явы аб дадзеных мерапрыемствах.

Па просьбе  абанента дапускаецца выключэнне канцавога ўстройства на тэрмін, указаны ім у заяве, але не больш чым на 1 год. У гэтым выпадку за абанентам захоўваецца абаненцкі нумар і бярэцца абанементная плата за час захавання абанемента. У заяве агаворваюцца тэрміны ўнясення абанементнай платы.

Па пісьмовай заяве членаў сям’і такога абанента канцавое ўстройства можа захоўвацца ўключаным. Рашэнне аб захаванні канцавога ўстройства ўключаным  прымаецца аператарам электрасувязі ў кожным канкрэтным выпадку пры ўмове гарантаванай аплаты за карыстанне абаненцкім нумарам.

Версия для слабовидящих